Краснапольскі раённы Цэнтр культуры запрашае наведаць раённую конкурсную выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядны Цуд”
З 24 снежня па 20 студзеня краснапальчане маюць магчымасць наведаць раённую конкурсную выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядны цуд”, размешчаную ў “Офісе Дзеда Мароза” Краснапольскага РЦК, і атрымаць сапраўдную асалоду ад прадстаўленых сувеніраў, абудзіць успаміны дзяцінства, набыць падарункі, далучыцца да навагодніх і Калядных святаў, атрымаць стымул да творчасці.
Удзельнікі ж конкурсу могуць атрымаць адзнаку сваім дэкаратыўным работам ад кампетэнтнага журы, абмяняцца вопытам, пашырыць свае веды, захапіцца новымі ідэямі і парадавацца ўмельству сваіх калег і сяброў.
На конкурс “Калядны цуд”, які праводзіцца ўжо другі год, паступіла больш за восем дзясяткаў работ – яркіх, прыгожых, арыгінальных, якія адлюстроўвалі навагоднюю і калядную тэматыку, радавалі вока і стваралі цудоўны настрой.
Удзельнікамі конкурсу-выстаўкі сталі клубныя фарміраванні клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, аддзяленні Краснапольскага РЦСАН – інвалідаў і наведвання для пажылых людзей, Краснапольскі РДР, асобныя жыхары раёна.
Навагоднія сувеніры, калядныя вяночкі, навагоднія ёлачныя цацкі, падвескі, навагоднія кампазіцыі і ёлкі, карціны – чаго толькі не стварылі фантазія і ўмельства рук ўдзельнікаў конкурсу.
Самымі рознымі былі і матэрыялы і тэхнікі вырабу гэтых “калядных цудаў”. Прыродны матэрыял (шышкі, арэхі, жалуды, галінкі), джут, фоаміран, саломка, тэкстыль, газетная лаза, розныя падручныя матэрыялы – усё гэта пераўтварылася ў прыгожыя і якасныя дэкаратыўныя вырабы.
Журы ацаніла конкурсныя работы наступным чынам: дыплом I ступені – Маскалькова В. В.; кіраўнік аб’яднання Ленінскага СДК Кандраценка А. У.; аматарскае аб’яднанне “Фантазія” Ленінскага СДК; Новікава Паліна (Ленінскі СДК); Занудзенка Стас (Ленінскі СДК); Жыхарава Т. М. (агр. Леніна); аддзяленне інвалідаў Краснапольскага РЦСАН (кіраўнік гуртка Кулягіна І. М.); дыплом II ступені – Васількова Л. У., кіраўнік гуртка Горскага СДК; Крапіўніцкая Л. В., кіраўнік гуртка Яноўскага СДК; гурток “Чараўніцы” Яноўскага СДК (Яноўскі СДК); гурток “Іскусніца” (Горскі СДК); майстар Краснапольскага РДР Андрыянава В. В.; гурток “Дамавёнак” (Тур’яўскі СДК); дыплом III ступені – гурток “Крэатыўнае рукадзелле” аддзялення для пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН; гурток “Рукадзельніца” Пачапоўскага СДК (кіраўнік гуртка Паплыка Н. ).
Выстаўку ўжо наведалі як дарослыя аматары творчасці, так і маленькія краснапальчане. Спяшайцеся і вы, тыя, хто хоча падтрымаць навагодні і калядны настрой, падзівіцца ўмельству рук і набыць прыгожы сувенір!
Запрашаем жадаючых і да ўдзелу ў конкурсе-выставе “Калядны цуд” у наступным годзе. А яшчэ ўсіх аматараў народнай творчасці чакаем на раённай выставе рамёстваў і ДПМ “Жывое дрэва рамяства”, якая будзе працаваць у РЦК з 20 па 27 студзеня.
В. А.Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”