Краязнаўчыя чытанні на Краснапольшчыне
II рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні “Мой край: вядомы, невядомы” прайшлі на Краснапольшчыне 22 кастрычніка. Яны былі прысвечаны 75-годдзю Перамогі і Году малой радзімы.
Далёкіх продкаў спадчына не згіне,
Дзірван мінуўшчыны імкнемся мы ўзараць,
Мой родны край: вядомы, невядомы…
Яго і будзем разам пазнаваць.
Ідэя правядзення краязнаўчых чытанняў на Краснапольшчыне належыць Валянціне Марчанка, метадысту Краснапольскага раённага цэнтра культуры, чалавеку нястомнаму ў справе захавання культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю, нястомнаму ў краязнаўчых пошуках на карысць малой радзімы. Яна і з’явілася арганізатарам мерапрыемства.
У гэтым годзе краязнаўчыя чытанні сабралі аматараў-краязнаўцаў з Краснаполля, Хоцімска, Мінска, Крычава, з пгт.Красная Гара Бранскай вобласці Расіі.
Краязнаўцы прадставілі свае пошукавыя здабыткі і тым самым упісалі ўнікальныя старонкі ў летапіс сваёй зямлі.
10 работ было адабрана аргкамітэтам для слухання ў розных намінацыях: “Гісторыя”, “Культавыя помнікі”, “Асобы”, “Фальклор”, “Рамёствы”, “Мова. Дыялекты”.
Сярод удзельнікаў – іераманах Афанасій (Сакалоў Юрый Мікалаевіч), прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, дацэнт, які распавёў аб цэрквах Краснапольшчыны пачатку 30-х гадоў. Матэрыял быў падрыхтаваны ім на аснове работы з архіўнымі дакументамі, атрымаўся грунтоўным, насычаным фактамі, таму выклікаў вялікую цікаўнасць слухачоў. Юрый Мікалаевіч абяцаў даслаць матэрыялы на Краснапольшчыну для забеспячэння больш шырокай даступнасці да іх насельніцтва (што будзе зроблена праз публікацыю ў раённай газеце і праз брашураванае выданне). А яшчэ шаноўны госць зрабіў падарункі – шыкоўнае выданне 2020 года “Жыровічы: пад святым пакровам”, да выдання якога мае дачыненне, і паэтычны зборнік вершаў пра Слаўгарадчыну “Край родной, где сливаются Проня и Сож”. Зборнік быў састаўлен Юрыем Мікалаевічам у 2016 годзе, уступ таксама напісаны ім. Справа ў тым, што да 2016 года протаіерэй Георгій Сакалоў быў настаяцелем храма святых Пятра і Паўла ў вядомай усяму свету вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна. Менавіта тут першую перамогу над шведамі ў Паўночнай вайне атрымала руская армія Пятра I. У адказ В. Марчанка, якая была ўдзельніцай літаратурнага конкурсу “Лясная – месца воінскай славы”, прачытала свой паэтычны твор.
Нямала іншых цікавых асоб стала ўдзельнікамі краязнаўчых чытанняў на Краснапольшчыне.
Майстар-рамеснік з Крычава Вячаслаў Якавенка пазнаёміў прысутных з даследваннем Падняпроўскай глінянай цацкі, прадставіў унікальную калекцыю сваіх вырабаў і прадэманстраваў іх адметнасці і ўласцівасці.
Новымі фактамі вызваленчых баёў на Краснапольшчыне і тэрыторыі суседняга Краснагорскага раёна Бранскай вобласці падзяліліся Віктар Лазовік, старэйшы навуковы супрацоўнік ДУК “Краснапольскі гісторыка-этнаграфічны музей”, і Сяргей Палянок, капітан першага рангу запасу, краязнаўца Краснагоршчыны.
Цікавыя і слушныя работы прадставілі і іншыя ўдзельнікі.
Краязнаўцы-аматары з г. п. Хоцімска (настаўнікі Алена Корнева, Святлана Васілеўская, Алена Казлова, вучаніца Анастасія Ціткова ДУА “СШ “1 г. п. Хоцімска”) прадставілі работы “онлайн”, на што паўплывалі ўмовы пандэміі. Іх работы былі прадстаўлены ў форме брашураваных выданняў і прэзентаваны для слухачоў. Гэта работы “Пясняр зямлі Хоцімскай. Творчая спадчына Пятра Прыходзькі”, “Сведкі сівой мінуўшчыны: культавыя помнікі Хоцімскага раёна”, “Услаўляючы зямлю і неба. Архімандрыт Кірыл”.
Відэавыступленні і прывітальны зварот да ўдзельнікаў чытанняў даслалі з Краснае Гары краязнаўцы Таццяна Цыганок, Сяргей Палянок, Таісія Круглікава, метадыст МБУК “Краснагорская міжпасяленчая цэнтральная раённая бібліятэка”. Гэта ўстанова ўжо даўно падтрымлівае цесныя сувязі з ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, адгукваецца на ўсе творчыя прапановы, удзел яе супрацоўнікаў у мерапрыемствах заўсёды яркі, плённы, выніковы.
Усе ўдзельнікі чытанняў былі адзначаны дыпломамі і сертыфікатамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама.
Да мерапрыемства былі падрыхтаваны выстаўкі, сярод якіх – выстаўкі даследчых работ метадыста па традыцыйнай культуры метадычнага аддзела РЦК В. Марчанка, рамесных вырабаў Краснапольскага РДР (дырэктар Маскалькова В. В.), дзейнасці і паэтычнай творчасці народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” (кіраўнік В. Марчанка) Краснапольскага РЦК. Выстаўкі – таксама добры сродак пазнання і іх ролю нельга памяншаць.
У ходзе чытанняў гучалі вершы членаў народнага аматарскага паэтычнага абъяднання “Світанак” і паэта-аматара з г. Крычава Вячаслава Якавенка, гучалі песні, прысвечаныя малой радзіме, і духоўныя творы ў выкананні Вольгі Гомаравай і Алены Казловай.
Удзельнікам чытанняў былі прапанаваныя экскурсіі ў раённы гісторыка-этнаграфічны музей, у храм Дзмітрыя Растоўскага вёскі Выдранка, у ганчарную майстэрню.
Думаецца, што прысутныя на краязнаўчых чытаннях работнікі клубных і бібліятэчных устаноў, устаноў адукацыі раёна, госці атрымалі каштоўны матэрыял і вопыт краязнаўчай работы, якія змогуць скарыстаць у сваёй практыцы і жыцці.
Краязнаўчыя чытанні ўпэўнілі, што ў кожным краі ёсць тыя, хто яго апявае. У наступным годзе Краснапольшчына зноў сустрэне краязнаўцаў-аматараў, тых, хто заклапочаны адкрыццём новых і мала вядомых старонак культурна-гістарычнай спадчыны свайго рэгіёна, сваёй радзімы.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”