Кветка «Адраджэння» ў «Вянку сяброў»
Народны фальклорны ансамбль "Адраджэнне" Хоцімскага раённага Цэнтра культуры, з'яўляючыся адной з візітных картак культуры Хоцімшчыны, вядомы далёка за межамі Беларусі. Калектыў вядзе шырокую гастрольную дзейнасць, прымаючы ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестывалях, святах, конкурсах і іншых падобных мерапрыемствах. Сёлета эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы і Хоцімскія артысты не мелі магчымасці парадаваць сваёй творчасцю гледачоў у Расіі. Ды і ў Беларусі масавых культурных мерапрыемстваў было не так шмат. Але творчая натура ўдзельніц ансамбля і мастацкага кіраўніка Юліі Мамчанка не дазваляе ім заставацца надоўга без выступаў.
У горадзе Беразіно Мінскай вобласці народны ансамбль мясцовага РЦК "Лявоніха" вось ужо трэці раз праводзіць зборны канцэрт фальклорных ансамбляў з Беларусі. Дадзенае мерапрыемства, якое атрымала назву "Вянок сяброў" пакуль не мае фестывальнага статусу, але стала даволі папулярным. І ўжо ў будучым годзе плануецца правесці першы паўнавартасны фестываль пад гэтым брэндам.
12 верасня 2020 года народны фальклорны ансамбль «Адраджэнне» прыняў удзел у канцэртнай праграме Бярэзінскага РЦК “Гуляй, станіца!”.
Праект "Вянок сяброў" паспяхова збірае сяброў-народнікаў з усёй рэспублікі, запрашэнне атрымлівала і "Адраджэнне", але папярэднія два гады гастрольны графік не дазваляў прыняць яго.
Тэмай канцэртнай праграмы гэтага года была абраная казачая песня. Нагадаю, што «Адраджэнне» двойчы перамагала на міжнародным фестывалі казацкай культуры «Станіца Бранская» у Бранску і мае статус пераможцы Усерасійскага фестывалю казачай песні імя Сямёна Дзяжнева ў горадзе Вялікі Усцюг. Так што з заяўленай тэмай знаёмыя ў поўным аб'ёме. На адной сцэне нашы артысты выступалі з лепшымі народнымі калектывамі Мінскай вобласці: Смілавіцкі народны хор (г.Смілавічы), народны ансамбль народнай песні «Вербніца» (г. Чэрвень), народны жартоўны калектыў «Чэрвеньскія балагуры» (г. Чэрвень), народны гумарыстычны калектыў «Сяброўкі» (г. п. Пухавічы), народны хор народнай песні «Весялуха» (г. Дзяржынск), народны ансамбль народнай песні «Лявоніха» (г. Беразіно). Разнастайнасць касцюмаў, сугучча галасоў, запал казачай песні, - усё гэта злілося ў адзно вялікае выдатнае свята для жыхароў і гасцей Беразіно.
Абавязковай умовай для ўсіх удзельнікаў з'яўляецца вянок, які ансамблі пакідаюць гаспадарам свята. Вяночак-своеасаблівы сімвал кожнага калектыву-удзельніка. У сваю чаргу арганізатары мерапрыемства ўручылі калектывам падзячныя лісты, кветкі і запрашэнне на будучы год, тэмай праекта стане ўкраінская песня.
Што ж тычыцца новых знаёмстваў і абмену вопытам, народны фальклорны ансамбль "Адраджэнне" атрымаў запрашэнне ад ансамбляў з г.п.Пухавічы і г.Дзяржынска для далейшага сумеснага творчага супрацоўніцтва ў розных праектах і фестывалях.
Аляксандр Аляксандрын, метадыст раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна”