Іллінскі кірмаш прайшоў у вёсцы Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна
2 ліпеня ўсе гаспадаркі Касцюковіцкага раёна прыступілі да уборачнай кампаніі. Па добрай традыцыі амаль у кожным з іх справу пачыналі са старажытнага абраду «Зажынкі». Добрага настрою, плённай працы на жніве і багатага намалоту шчыра жадалі земляробам ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскіх клубных устаноў.
Як кажуць старажылы, з даўніх пор гарачая пара жніва пачыналася на Касцюкоўшчыне з кірмашу на Іллю (якраз 2 ліпеня), які ладзіўся ў вёсцы Саматэвічы.. Да гэтага часу жаць зерне не дазвалялася. Нажаль няма ўжо гэтага мястэчка на карце раёна. Вёска «пахавана» ў зямлю, атручаную чарнобыльскай радыяцыяй. Жыхары параз’ехаліся па свету, але большая частка перасялілася дзеля новага жыцця ў Новыя Саматэвічы. Вясёлае свята-кірмаш засталося ў іх ўспамінах.
Ініцыятарамі адраджэння гэтага цудоўнага дзеяння выступілі работнікі раённага Цэнтра культуры, а рэалізатарамі сталі супрацоўнікі Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу пры падтрымцы кіраўніцтва Бялынкавіцкага селькага савета. Матэрыялы для арганізацыі свята-кірмашу былі сабралі спецыялісты Новасаматэвіцкага клуба ў рамках праекта па традыцыйнай культуры «Традыцыі Касцюкоўшчыны – маладым». Праект рэалізуецца Касцюковіцкім раённым цэнтрам культуры ужо другі год. За гэты час сабрана і апрацавана шмат фальклорна-песеннага матэрыялу, які ў новай апрацоўцы выконваецца сёння аматарскімі калектывамі сельскіх клубных устаноў.
Дзве з паловаю гадзіны доўжылася свята-кірмаш на спецыяльна абсталяванай плошчы аграгарадка Новыя Саматэвічы. Мясцовыя жыхары і госці з райцэнтра разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі сабраліся на вясёлы кірмаш не толькі дзеля таго, как прыдбаць штосьці, а каб у чарговы раз акунуцца ў атмасферу свайго дзяцінства і маладосці. На пытанне «А як было раней?», жанчыны вёскі на перабой распавядалі нам пра гісторыю любімага раённага свята. Старэйшая з жанчын Шорнікава Алена Сямёнаўна (1944 года нараджэння) ўспамінае: «Прыблізна з 1947 году, штогод, на Іллю (2 жніўня) да нас прыязжалі гандляры з усіх бакоў. Машыны і падводы ехалі не толькі з Беларусі, але і з Бранскай вобласці, і з Рослаўлю, і нават з самаго Кіева. Карэспандэнты з Савецкай Беларусі таксама былі. Пісалі потым пра наш кірмаш у газеце. Чым толькі не гандлявалі на кірмашу! Везлі ўсё: свіней, авец, хатнюю птушку, посуд гліняны, вопратку, цукеркі на палачцы і шмат чаго яшчэ. З’язджацца пачыналі з двух гадзін ночы. Месцы займалі, раскладаліся. Са світаннем пачыналася гандаль. Мару ўсіх маладых жанчын таго часу – балоневы плашч, можна было толькі тут купіць. Людзей жа было «бокам не апракінуць». Заўжды ладзіліся канцэрты, атракцыёны. Працаваў тэатр «Батлейка», гасцей весялілі скамарохі на хадулях. Але пачыналі вяселле толькі тады, калі з палёў працаўнікі прыходзілі. Бо па загаду старшыні калгаса менавіта ў гэты дзень (на Іллю) павінна было пачацца жніво. Раней «ні-ні!». Абавязкова зжыналася некалькі палос, а потым машыны спыняліся аж да наступнага дня і ўсе дружна беглі на кірмаш. Вельмі запомнілася гандаль гармонямі. Гармоні былі на любы густ. А каб прадаць свой тавар, майстры «рэзалі» на іх з усіх бакоў, і кожны на свой строй. «Тавар ліцом», як кажуць. Самае цікавае чакала наперадзе. Людзі, панакупляўшыся дэфіцытаў, разыходзіліся па ўсім бакам і пачыналіся танцы «да ўпаду». Пад кожным кустом і дрэвам гудзела сваё вяселле з гармонікам і бубнамі. Дзеці па адных, па другіх пабегаюць, і ад усіх гасцінцаў атрымаюць. Радасці было! Свята працягвалася з ночы і да ночы, «хадзіла ходарам» уся вёска. Кірмаш на Іллю чакалі і гатаваліся да яго ўвесь год. Ладзіўся кірмаш, пакуль вёску не перасялілі. Ды і не да вяселля доўгі час было. Сёння вось, як памаладзелі ізноў! Быццам дома пабывалі».
У гэты час на пляцоўку падымаецца зямлячка, якая пасля перасялення пераехала ў Бабруйскі раён. Пасля праніклівых рэчаў і ўспамінаў паступае прапанова ўстанавіць помнік пахаванай роднай вёсцы Саматэвічы. Гэта не проста словы. Жыхарам прадэманстраваны праект установы помніка, які ўжо рэалізуецца. Сам памятны знак вырабляецца ў Мурманску па заказу былых аднавяскоўцаў. «Гэта не проста помнік. Гэта даніна памяці і знак павагі да нашых продкаў, нашых каранёў» – вымаўляе ўсхваляваная жанчына.
Потым пачынаюцца ўзнагароды самага старэйшага, самага маленькага жыхара вёскі, як сувязі двух пакаленняў. І зноў песні, музыка і скокі пад трыо гарманістаў. Да разгорнутага да гледачоў мікрафону мог падайсці і выканаць прыпеўку любы жадаючы. Актыўных удзельнікаў не трэба было прасіць двойчы. Прыпеўкі на любы густ паліліся на перабой.
Свята ўдалося. І хай не такога буйнага маштабу, як раней, але пачатак пакладзены. Глядзі і адродзіцца вялікі Іллінскі кірмаш на новым месцы. І ў Новыя Саматэвічы зноў паедуць людзі з усіх бакоў.
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна»