Майстрыцы Магілёўшчыны пачалі ткаць “Купальскі пояс”
Па задуме, ён будзе ўключаць у сябе традыцыйныя матывы арнаментаў паясоў усіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Пояс абяцае стаць самым доўгім не толькі на Магілёўшчыне, але і на ўсёй Беларусі.
Да праекта вялася руплівая падрыхтоўка: у мінулым годзе Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам былі арганізаваны семінары па ткацтве паясоў, каб майстрыцы з усіх раёнаў вобласці авалодалі гэтым рамяством, паглыбілі свае ўменні і навыкі. Семінары далі свой вынік: сёння ткацтва паясоў на Магілёўшчыне зноў адроджана і набывае былую папулярнасць.
Першы вынік праекта “Купальскі пояс” будзе прадстаўлены на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое штогод праходзіць у вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Дарэчы, кожны госць свята атрымае магчымасць сам паўдзельнічаць у ткацтве “Купальскага пояса” і з дапамогай майстрыц авалодаць сакрэтамі гэтага старадаўняга рамяства. Плануецца, што ткацтва пояса не будзе спынена, і з кожным годам пад час Купалля ў Александрыі ён будзе рабіцца яшчэ даўжэй.
Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КПР