Мастацтва выцінанкі ад Вольгі Бабурынай
Майстар падрабязна распавяла гісторыю ўзнікнення і распаўсюджання папяровай выцінанкі на Беларусі, пазнаёміла прысутных з асноўнымі відамі выцінанак па спосабе стварэння (“выразанка”, “выбіванка”, “вырыванка”), прывяла прыклады выкарыстання выцінанкі для аздаблення сувенірнай прадукцыі (такой, як: завушніцы, магніцікі, елачныя цацкі, арыгінальныя паштоўкі і інш.), расказала правілы кампазіцыйнай пабудовы твораў. Пасля ўдзельнікі семінару прыступілі да практычных заняткаў: яны спрабавалі самастойна зрабіць кніжную закладку, паштоўку, птушку-падвеску, прыгожую ажурную сурвэтку.
У семінары прымалі ўдзел прадстаўнікі трынаццаці раёнаў Магілёўскай вобласці: метадысты клубных устаноў, настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў, кіраўнікі дзіцячых студый і гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога накірунку – спецыялісты, зацікаўленыя ў тым, каб асвоіць мастацтва выцінанкі, павысіць узровень свайго майстэрства і пачаць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў прафесійнай дзейнасці.
Трэба зазначыць, што сёлета гэта ўжо не першы семінар, які праводзіцца на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КПР. Правядзенне семінараў – адзін з неад’емных накірункаў дзейнасці ўстановы, які рэалізуецца ў межах творчай лабараторыі “Чароўны куфар”. Праект створаны з мэтай перадачы досведу, ведаў і ўменняў, распаўсюджвання традыцыйных промыслаў і рамёстваў у рэгіёнах, з’яўлення ў краі новых майстроў і клубных фарміраванняў. Семінары праходзяць штоквартальна; у бягучым годзе цэнтрам ужо былі праведзены семінары па вышыўцы і роспісе. Але тэма “Выцінанка” заўсёды карыстаецца асаблівым попытам, бо гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва характаразуюць таннасць і даступнасць матэрыялаў, простая тэхналогія, якая не патрабуе дадатковай апрацоўкі вырабу, высокая хуткасць стварэння канчатковага твора, а таксама, пры наяўнасці пэўнай кампазіцыйнай “кананічнасці” – адсутнасць абмежаванняў па каларыстыцы, тэматыцы і сімволіцы, якія маюцца, напрыклад, у традыцыйным ткацтве і вышыўцы.
Удзельнікі семінара выказалі падзяку майстру і запэўнілі арганізатараў, што падзеляцца атрыманымі навыкамі са сваімі калегамі і навучэнцамі, а матывы выцінанкі зоймуць пачэснае месца ў афармленні святочных мерапрыемстваў і сувенірна-выдавецкай прадукцыі ўстаноў культуры.
Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.