Метадычны дзень клубных работнікаў сельскіх дамоў культуры прайшоў у г.п.Краснаполле
Дзяржаўная ўстанова «ЦКС Краснапольскага раёна» вядзе мэтанакіраваную работу па стварэнню і захаванні культурнай самабытнасці свайго рэгіёну.
У першую чаргу гэта звязана з павышэннем прафесійнага ўзроўня работнікаў клубных устаноў, арганізацыяй іх дзейнасці па збору, даследванню і ўвядзенню ў актыўнае творчае карыстанне фальклорнай спадчыны і развіццем рамёстваў.
Для надання такой рабоце сістэмнасці і цэласнасці, накіраванасці на канкрэтны вынік пад кіраўніцтвам Марчанка В.А. - метадыста па традыцыйнай культуры РЦК ажыццяўляюцца сацыяльна-творчыя праекты, якія з’яўляюцца эфектыўным сродкам змянення сітуацыі ў культурным жыцці.
У 2017 годзе быў рэалізаваны праект «Шануй сляды мінулага» з удзелам сельскіх дамоў культуры, на базе якіх сабраны этнахаткі, дзе выкарыстоўваюцца актыўныя формы работы па актуалізацыі этнаграфічнай спадчыны.
Зараз ажыццяўляецца праект «Чары сівой даўніны», накіраваны на стварэнне самабытных аматарскіх фальклорных калектываў. Праект спрыяе папаўненню рэпертуараў калектываў аўтэнтычнымі і фальклорнымі творамі, пашырэнню «аўтэнтычнага поля» раёна, захаванню мясцовага фальклору. Зараз вядзецца метадычная і экспедыцыйна-даследчая работа, сістэматызацыя сабранага матэрыялу аматарамі фальклору.
Падчас правядзення метадычнага дня клубных работнікаў сельскіх дамоў культуры па тэме «На шляху захавання самабытнасці рэгіёну» былі прэзентаваны новыя метадычныя выданні па праведзеных экспедыцыйных даследваннях. Удзельнікі абмеркавалі асноўныя ідэі і вынікі тэматычнага абласнога семінара-практыкума, праведзенага спецыялістамі Магілеўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы у Краснапольскім раёне. Жадаючыя атрымалі кансультацыі па ўзроўнях засваення фальклору і рэкамендацыі па асаблівасцях выкарыстання народнага касцюма, адбылося абмеркаванне асноўных праблем сучаснага стану фальклору.
А.Ф. Хмялькоў - дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адзначыў: «Праблемамі сучаснага стану фальклору на сённяшні дзень з’яўляецца адсутнасць свайго мясцовага фальклорнага матэрыялу ў калектывах. На жаль не хапае спецыялістаў, здольных правільна запісаць і сістэматызаваць сабраны фальклор. Шмат намаганняў трэба яшчэ прыкласці да павышэння якасці праграм творчых калектываў, неабходна падумаць пра стварэнне дзіцячых калектываў - спадарожнікаў, як пераймальнікаў фальклору.»
Удзельнікі таксама высветлілі пытанні, па падрыхтоўцы да фестываля-конкурсу, якім у снежні завяршыцца праект «Чары сівой даўніны». Фестываль паслужыць своеасаблівай справаздачай па праекту, прадэманструе новыя фальклорныя і аўтэнтычныя творы з рэпертуараў песенных калектываў. Кіраўнікі аматарскіх калектываў падзяліліся сваімі фальклорнымі здабыткамі з калегамі, зрабілі творчыя характарыстыкі сваіх спеўных гуртоў.
Музейны занятак і экскурсія па установе культуры «Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей» зрабілі свой узнёсак у змест метадычнага дня.
Ва ўсе часы фальклор з’яўляўся гонарам народа, адлюстроўваў нацыянальную свядомасць, падкрэсліваў спецыфічную сутнасць культуры кожнага рэгіёну, а таму трэба шмат яшчэ працаваць над захаваннем важнай часткі духоўнай спадчыны – прыгожай і самабытнай, якая ўяўляе сабой твар зямлі і яе народа.
Марчанка Валянціна, метадыст РЦК