МІНУЛАЕ ЎЗАЕМАДЗЕЙНІЧАЕ З СУЧАСНЫМ
Ад калыскі да дзён на змярканні
Па жыцці – ручнікі, ручнікі…
Як трымаю ручнік даматканы,
Бы кранаюся маці рукі.
Засталася, як скарб неацэнны,
Палатняная повязь часоў,
На палотнах і кветкі, і пеўні
Чырванеюць у хаце наноў…
Палатняная повязь часоў. Так кажуць пра народны тэкстыль, пра ручнікі, якія спакон вякоў суправаджалі жыццё чалавека, – ад нараджэння да трызны.
На сённяшні дзень даматканыя ручнікі – унікальныя экспанаты ў этнаграфічных пакоях ці кутках кожнай клубнай установы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”. Яны дэманструюцца на выстаўках, выкарыстоўваюцца ў абрадавых праграмах, служаць аздабленнем на розных іншых мерапрыемствах.
А яшчэ яны з’яўляюцца крыніцай вывучэння і даследвання культурна-гістарычнай спадчыны, народных рамёстваў, тэхналогій ткацтва і спосабаў упрыгожвання рукатворных вырабаў.
Мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў з тым, што на Краснапольшчыне пачаўся працэс адраджэння ткацкага рамяства. А захапілася гэтым працэсам культарганізатар Пачапоўскага СДК Наталля Рыгораўна Паплыка. Здаецца, зусім нядаўна, напрыканцы 2022 года, у выніку рэалізацыі сацыяльна-культурнага праекта “Фальклорны жыццявір” Краснапольскага РЦК яна толькі ўпершыню пазнаёмілася з кроснамі – ткацкім станком, а сёння краснапальчане могуць любавацца яе тканымі “дарожкамі”. Так, пакуль што Наталля тчэць “дарожкі” з выкарыстаннем трыкатажнай пражы. Атрымліваюцца яны цёплымі, яркімі, рознакаляровымі, а яшчэ – прыгожымі і добраякаснымі, бо старанасці і адказнасці ў справе пачынаючай майстрысе не займаць. Добра ўжо атрымліваюцца і работы з тканым арнаментам.
Наталля займаецца самаадукацыяй па свайму захапленню, вывучэннем тэхналогій ткацтва, раіцца з майстрамі іншых раёнаў, спрабуе свае сілы і здольнасці – і мае добры вынік. Яе прыгожыя вырабы можна ўжо ўбачыць на выстаўках – у Пачапоўскім СДК і Краснапольскім РЦК, на святочных пляцоўках у раённым цэнтры. Прыняла яна ўдзел і ў рэгіянальным фестывалі рамёстваў “Краснапольскі глечык”, дзе ў конкурсе гэтага фестывалю была адзначана дыпломам I ступені. Так мінулае ўзаемадзейнічае з сучасным.
У планах Наталлі – тканне ручнікоў у традыцыях краснапольскіх майстроў, якімі здаўна і ва ўсе часы славілася Краснапольшчына. Пажадаем пачынаючаму майстру поспехаў і натхнення.
Жыць ствараючы, уносіць уклад у развіццё культурных традыцый роднага краю – што можа быць лепей і жаданей, тым больш, у Год міру і стварэння.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”