«МЫ - ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ!»
Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - важнае дзяржаўнае свята, значнае для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Да гэтага дня штогод прымеркавана традыцыйная рэспубліканская акцыя «Мы - грамадзяне Беларусі», якая праводзіцца вось ужо на працягу дзесяці гадоў. У нашым раёне афіцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі, прайшло на базе раённага інфармацыйна-ідэалагічнага Цэнтра, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці прадстаўнікоў мясцовай улады і ветэранскай арганізацыі групе маладых людзей нашага раёна былі ўручаны пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь - галоўнага дакумента ў жыцці кожнага чалавека.
У пачатку ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з кароткімі звесткамі пра асноўны закон нашай дзяржавы выступіла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы ДУК "Дрыбінская бібліятэчная сетка” М.А. Сакалова.
Шмат добрых слоў віншаванняў, жыццёвых пажаданняў прагучала з вуснаў намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Д.Л. Пімашэнка.
Былі адзначаны канстытуцыйныя правы маладых людзей, а таксама роля моладзевай арганізацыі «БРСМ», яе ініцыятыў і ідэй, якія знаходзяць падтрымку на самых высокіх узроўнях.
Пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь былі ўручаны 12 навучэнцам Дрыбінскай і Раснянскай школ. Разам з першым дакументам яны атрымалі тэкст Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падарункавае ілюстраванае выданне “Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь". Моладзь выступіла са словам у адказ, прамовілі клятву маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Тут жа адбылося ўрачыстае прыняцце ў члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Першы сакратар Дрыбінскага раённага камітэта ГА «БРСМ» В.А. Дземідовіч і старшыня раённага Савета ветэранаў В.А. Гушча ўручылі членскія білеты і значкі ГА «БРСМ» групе школьнікаў з Дрыбінскай, Раснянскай і Цемналескай школ. Раённую арганізацыю Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі папоўнілі ў гэты дзень 28 чалавек.
Работнікамі раённага Цэнтра культуры была падрыхтавана ўрачыстая праграма, гучалі музычныя нумары пра нашу родную Беларусь. Уся атмасфера мерапрыемства была напоўнена патрыятычным настроем і ўрачыстасцю.
Уручэнне ў святочнай абстаноўцы, ўрачыстай атмасферы такога важнага дакумента, які пацвярджае грамадзянства нашай любімай Радзімы - Рэспублікі Беларусь, безумоўна пакіне добры след у лёсе запрошаных на мерапрыемства юнакоў і дзяўчат, бо ім выпаў гонар атрымаць свой пашпарт напярэдадні Дня Канстытуцыі.
Сённяшнія школьнікі - гэта будучыня нашай краіны, і радуе, што яны неабыякавыя людзі, якія любяць сваю краіну і шануюць яе традыцыі.
Метадыст ДУК “Дрыбінская
цэнтралізаваная клубная сістэма”
Н. А. Шуткова