МЫ НА МАТЧЫНАЙ МОВЕ ЖЫВЁМ

На Краснапольшчыне адбыўся V расійска-беларускі конкурс аматараў літаратурнага слова “Мы на матчынай мове жывём”, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які кожны год адзначаецца 21 лютага. У гэтым годзе з дня ўстанаўлення ЮНЕСКА Дня роднай мовы споўнілася 25 гадоў. Як бачым, і Дзень і конкурс – юбілейныя.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца народны аматарскі літаратурны калектыў “Світанак” (кіраўнік Валянціна Марчанка) Краснапольскага раённага Цэнтра культуры. Конкурс праводзіцца пры падтрымцы сектара культуры Краснапольскага райвыканкама.
ХТО ЯНЫ, УДЗЕЛЬНІКІ КОНКУРСУ?
Творы паэзіі і прозы аўтарскай творчасці журы ацэньвала ў намінацыях “На роднай мове гавару” і “Мая родная мова”.
19 удзельнікаў даслалі свае творы, поўныя любові да роднай мовы, да жыцця вялікай і малой радзімы, яе прыроды, гісторыі, да спадчыны сваёй зямлі, да працавітых землякоў. Яны прадставілі на конкурс 50 твораў. Некаторыя творцы прынялі ўдзел у 2-х намінацыях. На конкурс былі дасланы: 27 твораў на беларускай мове, 23 творы - на рускай. У гэтым годзе пашырылася колькасць удзельнікаў з ліку падрастаючага пакалення. Па выніках конкурсу выдадзены брашураваныя зборнікі.
Удзельнікамі конкурсу сталі аматары роднага слова і літаратуры з Краснапольскага, Быхаўскага, Круглянскага, Магілёўскага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, з Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці; з Навазыбкаўскага, Дяцькаўскага, Краснагорскага раёнаў Бранскай вобласці Расіі.
ВІТАЕМ ПЕРАМОЖЦАЎ КОНКУРСУ!
У намінацыі “На роднай мове гавару” дыпломамі пераможцаў адзначаны:
- дыпломам Гран-пры: Нэлі Грышына (в. Сасноўка Дзяцькаўскага раёна Бранскай вобласці); Уладзімір Дзержанскі (г. Клічаў Магілёўскай вобласці); Міхаіл Палянок (МБУК “Краснагорская МЦРБ” Бранскай вобласці);
- дыпломам лаурэата I ступені: Валянціна Пранкевіч (г. Чачэрск Гомельскай вобласці); Валянціна Нікіціна (г. Клічаў); Валянціна Марчанка (г.п. Краснаполле); Аляксандр Ермачэнка (г. Навазыбкаў Бранскай вобласці); Барыс Марчанка (г. Магілёў); Сяргей Сыранкоў (г.п. Краснаполле); МБУК “Краснагорская МЦРБ” (пгт. Красная гара Бранскай вобласці); Алена Сеўрук (рэдакцыя газеты “Красногорская жизнь”, пгт. Красная гара);
- дыпломам лаўрэата II ступені: Галіна Яўсеенка (г.п. Краснаполле);
- дыпломам лаўрэата III ступені: Святлана Саламевіч (г. Быхаў);
- дыпломам III ступені: Вікторыя Братачкіна (16 год, агр. Яноўка Краснапольскага раёна).
У намінацыі “Мая родная мова” адзначаны:
- дыпломам Гран-пры: Валянціна Пранкевіч (г. Чачэрск Гомельскай вобласці);
- дыпломам лаўрэата I ступені: Валянціна Марчанка (г.п. Краснаполле), Барыс Марчанка (10 год, г. Магілёў); Максім Хомчанка (11 год, агр. Палуж, Краснапольскі раён);
- дыпломам I ступені: Святлана Ухналёва (Круглянскі раён);
Падзякай арганізатараў конкурсу адзначаны Валянціна Нікіціна (г. Клічаў) і Уладзімір Дзержанскі (г. Клічаў) за актыўны ўдзел у конкурсе і папулярызацыю роднай мовы.
ЯК ПАДВОДЗІЛІСЯ ВЫНІКІ?
Узнагароджванне пераможцаў адбылося ў традыцыйнай творчай гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, якую штогод ладзіць калектыў “Світанак” да міжнароднага Дня роднай мовы. Тут можна было пачуць лепшыя творы ў выкананні аўтараў, арганізатараў мерапрыемстваў і артыстаў РЦК, атрымаць брашураванае выданне з лепшымі творамі канкурсантаў. Пераможцам конкурсу, якія не здолелі наведаць гасцёўню, дыпломы былі дасланы па электроннай пошце.
Конкурс “Мы на матчынай мове жывём” з’яўляецца сапраўдным падарункам і для ўдзельнікаў конкурсу, і для тых, хто можа слухаць або чытаць творы гэтых людзей, улюбёных у родную мову і сваю краіну.
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА ТВОРЧАСЦІ І КОНКУРСУ!
Сябры, далучайцеся да творчасці і конкурсу і ў наступным годзе! Выказвайце сваю любоў, свой клопат і свае хваляванні пра родную мову – рускую ці беларускую. Набывайце праз конкурс новых сяброў і аднадумцаў, творцаў, неабыякавых да лёсу роднай мовы, да літаратурнага слова, да сваёй краіны. Давайце волю сваім лепшым пачуццям, упрыгожвайце свет!
Усім удзельнікам арганізатары конкурсу выказваюць вялікую падзяку! Са святам вас, шаноўныя сябры! З міжнародным Днём роднай мовы!




Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”