«Мы - разам!»: Чэрыкаўскія артысты ў Расіі
Творчы калектыў раённага Цэнтра культуры ўжо неаднаразова выязджаў па запрашэнні расійскіх калег прыняць удзел у конкурсах або канцэртах з мэтай захавання і папулярызацыі лепшых традыцый і звычаяў, умацавання дружалюбных адносін паміж брацкімі народамі Расіі і Беларусі.
"Мы – разам!" – пад такой назвай 2 лістапада з канцэртнай праграмай, прымеркаванай да Дня народнага адзінства у двух ачагах культуры Расійскай Федэрацыі выступіў калектыў Чэрыкаўскага РЦК. У ім прынялі ўдзел: народны вакальны ансамбль «Дзяўчаты+», народнае вакальнае трыа «Ві-за-ві», парадавалі прысутных сольнымі спевамі М.Захарэнка, Н.Халюзева, Ў.Коласаў, А.Баранава, М.Лапасін і Л.Падвойская. Нотку гумару ў святочны канцэрт дадалі сваім задорам і эмацыянальнымі сцэнкамі Ігар і Алена Камісаравы, Т.Петрачэнка і Н.Халюзева. Выдатным выкананнем цыганскага і ўсходняга танцаў парадавала гледачоў яшчэ адна ўдзельніца святочнага канцэрта А.Задойка.
Кожнага выканаўцу гледачы сустракалі як свайго даўняга сябра. Паўтарагадзінны канцэрт праляцеў непрыкметна. Добрыя, шчырыя твары гледачоў, іх ўсмешкі, дружныя апладысменты – лепшая ўзнагарода для артыста, а іх на гэтым канцэрце было нямала.
Такія сустрэчы ў чарговы раз паказалі бязмежную добразычлівасць і братэрства беларускага і расійскага народаў!
Зубарава А.У., метадыст інфармацыйна-метадычнага аддзела ДУК "Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”