Міждзяржаўны семінар-практыкум “У творчества нет границ: организация досуга пользователей” адбыўся ў п.г.т. Красная гара Краснагорскага раёна Бранскай вобласці
У семінары прынялі ўдзел супрацоўнікі ДБУК “Брянская абласная навуковая ўніверсальная бібліятэка ім. Ф. І. Цютчава” (намеснік дырэктара В. Ю. Кулікова, галоўны бібліятэкар навукова-метадычнага аддзела А. Ю. Купчыненка), намеснік главы адміністрацыі Краснагорскага раёна В. А. Глушакоў, спецыялісты бібліятэчных устаноў розных раёнаў Бранскай вобласці. З беларускага боку ўдзельнікамі мерапрыемства сталі метадыст РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” В. А. Марчанка, дырэктар Краснапольскай раённай бібліятэкі А. А. Баравік і бібліятэкары гэтай установы.
Адбыўся адкрыты дыялог і абмен вопытам па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці, па стварэнню для насельніцтва прасторы творчасці, тэрыторыі адкрыццяў, зносін, атмасферы духоўнасці. Тэрыторыяй адкрыццяў і творчых праяў стаў сам семінар. Краснагорская МЦРБ у асобе С. В. Гарбачовай запрасіла прысутных у жаночы клуб “Свет жанчыны”, кіраўнік дзіцячага гуртка Т. Ефіменка прэзентавала ўдзельнікам семінара дэкаратыўныя вырабы ўласных і дзіцячых рук.
Праз усе выступленні ўдзельнікаў семінара падкрэслівалася думка аб тым, што сёння бібліятэкі значна змянілі свае функцыі і ўсё болей становяцца цэнтрамі сацыяльна-культурнага жыцця. Калегі дзяліліся формамі прыцягнення насельніцтва да гэтай дзейнасці, шляхамі яе абнаўлення і вынікамі пошукаў сваіх устаноў.
Бібліятэкар Краснапольскай бібліятэкі Н. А. Атрашэнка падзялілася вопытам работы на базе сваёй установы клуба “Добрых сэрцаў”, створанага для людзей пажылога ўзросту. З дапамогай слайд-прэзентацыі яна “пагартала каляндар” асноўных мерапрыемстваў клуба і ўпэўніла слухачоў у неабходнасці клубных фарміраванняў пры бібліятэках, якія арганізуюць дасуг і жывыя зносіны людзей, далучаюць іх да карыстання кнігай.
Метадыст РЦК В. А. Марчанка прэзентавала свой вопыт па стварэнню і арганізацыі сацыяльна-творчай дзейнасці аматарскага паэтычнага аб’яднання на Краснапольшчыне “Світанак”, распавяла аб асноўных формах і відах творчага жыцця аб’яднання і яго ролі ў арганізацыі культурнага дасуга краснапальчан. Удзельнікі семінара мелі магчымасць пачуць вершы ў выкананні аўтара, а Краснагорская бібліятэка – атрымаць у дар кнігу вершаў В. Марчанка “Вам сваю завяшчаю любоў”, брашуры па выніках творчасці краснапольскіх паэтаў-аматараў і па праведзеных конкурсах, метадычны дапаможнік з уласнага вопыту работы з аб’яднаннем і запрашэнне да сустрэчы на беларускім баку.
Па выніках работы семінара В. А. Марчанка была адзначана Падзякай за плённае супрацоўніцтва, за асабісты ўклад у яго падтрымку і высокі прафесіяналізм за подпісам дырэктара МБУК “Краснагорская МЦРБ” Г. М. Ставінавай.
Пад кіраўніцтвам Г. М. Ставінавай, гэтага апантанага сваёй працай і творчасцю чалавека, Краснагорская МЦРБ пастаянна знаходзіцца ў стане абнаўлення, рэалізацыі новых ідэй, знаходак, шчодра дзеліцца вопытам і даўно стала ўнікальнай пляцоўкай для сустрэч аднадумцаў і тых, хто знаходзіцца ў пошуку і імкнецца тварыць на карысць культуры, малой радзімы і тых людзей, якія жывуць побач.
Кожны прыезд у гэту ўстанову здзіўляе новымі інсталяцыямі, выстаўкамі, інфармацыйнай і прывабнай прасторай, творчай і зладжанай камандай калег-аднадумцаў, сярод якіх Т. Круглікава, С. Гарбачова, Н. Быкава і інш.
Міждзяржаўны семінар-практыкум ператварыўся ў свет адкрытых ідэй, атмасферу радаснай узнёсласці і адкрыццяў.
В. А. Марчанка, метадыст Краснапольскага РЦК