Міжнародны расійска-беларускі дыялог культур адбыўся на Краснапольшчыне
Міжнародны расійска-беларускі дыялог культур адбыўся на Краснапольшчыне ў метадычна-творчай гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.
Гасцёўня ўжо ў трэці раз гасцінна расчыніла свае дзверы і запрасіла да ўдзелу ў ёй работнікаў клубнай, бібліятэчнай, музейнай, адукацыйнай сістэм раёна. З дапамогай відэазваротаў і іншых фрагментаў у гасцёўні прымалі ўдзел адпаведныя ўстановы і аматары творчасці з Расійскай Федэрацыі. Гэта муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры “Краснагорская міжпасяленчая цэнтральная раённая бібліятэка” і яе структурнае падраздзяленне – Ларнеўская сельская бібліятэка.
Арганізатар мерапрыемства, метадыст па традыцыйнай культуры Марчанка В. А., імкнулася арганізаваць міжнародны дыялог культур памежных рэгіёнаў з мэтай прыцягнення ўвагі да моўнага і культурнага багацця, папулярызацыі мовы і культурных традыцый, для абмену вопытам, для ўмацавання сяброўскіх зносін і яднання.
Праграма гасцёўні ўключала падвядзенне вынікаў міжнароднага конкурсу літаратурнай аматарскай творчасці “Мы на матчынай мове жывём”; творчую справаздачу аб сацыяльна-творчай дзейнасці народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК (кіраўнік В. Марчанка), які за вялікую і плённую працу па папулярызацыі беларускай мовы і мастацкага слова быў узнагароджаны ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама; знаёмства з даследчай работай “Дыялекты с. Верхлічы” (чытальнік МБУК “Краснагорская МБУК” Цыганок Т. В.); этнаграфічны дайвінг “Я пазнавала мову маці па вышываных ручніках” (бібліятэкар Ларнеўскай бібліятэкі Ефіменка Т. Д.); знаёмства з новымі і актуальнымі творамі землякоў праз выстаўку выдавецкай літаратуры “Ты нас яднаеш, родная мова”; роздум аб ролі роднай мовы, літаратуры, аб прызначэнні паэтаў, які праз відэазварот зрабілі дырэктар і загадчыца аддзелам абслугоўвання МБУК “Краснагорская МЦРБ” Г. М. Ставінава і С. В. Гарбачова, і іншыя часткі.
У гасцёўні гучалі літаратурныя творы ўдзельнікаў конкурсу, цытаваліся класікі рускай і беларускай літаратуры, наведвальнікі гасцёўні праз інтэрактыў уцягваліся ў размову, слых і душу лашчылі гукі родных моў і родных песень.
Мерапрыемства завяршылася флэшмобам, які аб’яднаў удзельнікаў у адзін круг і падарыў адчуванне сяброўскага пляча і адзінства.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”