На добры ўраджай! Свята першай баразны прайшло ў Глускім раёне
Імправізаванай сцэнічнай пляцоўкай стала поле. Менавіта тут разгарнулася галоўнае дзеянне. Усіх прысутных на мерапрыемстве песнямі вітаў народны вакальны ансамбль “Вярбічанька” Клятнянскага СДК, які і правёў культурную частку народнага абраду, так, як гэта ўласціва толькі Глускаму раёну.
Кожнаму знаёмы мудрыя словы:
Хлеб – гаспадар дома!
Моцнаю падтрымкай яго звалі ўстар,
Хлеб – па праве ў дзяржаве гаспадар!
З гэтымі словамі дзяўчына ў нацыянальным беларускім касцюме паднесла старшыні райвыканкама каравай ураджаю 2015 года – сімвал багацця, працы і славы ўсіх працаўнікоў раёна. Удзельнікі ансамбля просяць настаяцеля Свята-Богаяўленскага храма благаславіць і асвяціць зерне, якое яму падносяць у прыгожай сявеньцы, на багаты ўраджай. Пасля гэтага ўсе кланяюцца зямліцы-матухне – на ціхае лета, на буйное жыта. Затым гучаць пажаданні ў адрас сельскіх працаўнікоў і як даніна павагі да іх – нізкі паклон. І вось настае той доўгачаканы момант, калі ў зямлю павінна легчы першае зерне. І зноў у адпаведнасці з абрадам дзяўчына кладзе ў сявеньку грамнічную свечку – каб аберагала ўраджай ад усялякай бяды – і белы бохан – каб наступны ўраджай набраў з яго сілы і стаў яшчэ мацнейшы, спраўнейшы ды багацейшы. На поле выходзяць дзяўчыны з сявенькамі, упрыгожанымі чырвонамі стужкамі, і сеюць збожжа. Следам за імі мужчына з канем барануе засеяны кавалачак зямлі. Старт пасяўной дадзены!
Спадзяёмся, што Свята першай баразны стане на Глушчыне традыцыйным. Няхай земляробам раёна ў гэтым годзе ўсё спрыяе на добры ўраджай. А працаваць нашы сяльчане ўмеюць, і робяць яны гэта шчыра.
Гваздзярова А.В., метадыст РДК ГУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Глускага раёна”