На Кіраўшчыне адзначылі раённыя “Дажынкі-2021”
9 кастрычніка на Кіраўшчыне ўрачыста, маштабна, узнёсла і з агульным добрым настроем адзначылі раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”. Шэраг мерапрыемстваў прайшоў у аграгарадку Мышкавічы, на цэнтральнай сядзібе ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, а затым удзельнікаў “Дажынак” прыняў горад Кіраўск.
У мерапрыемствах прымалі ўдзел кіраўніцтва раёна, ветэраны працы, ганаровыя грамадзяне раёна, кіраўнікі сельгасарганізацый. Раздзяліць з гаспадарамі радасць перамог прыехалі шматлікія госці.
Безумоўна, галоўныя героі “Дажынак” – хлебаробы, якія падчас сёлетняга жніва з гонарам прайшлі нялёгкі шлях да Хлеба, унеслі дастойны ўклад у харчовую бяспеку краіны.
У аграгарадку Мышкавічы адбыўся мітынг каля брацкай магілы воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыццё помніка, устаноўленага тут, адбылося 9 мая 1983 года ў дзень святкавання 38-й гадавіны Дня Перамогі. Каля падножжа скульптуры высечаны на мяжы імёны 141 мясцовага жыхара, які загінуў, абараняючы родную зямлю. Прысутныя ўшанавалі іх памяць мінутай маўчання, а таксама памяць сямі ваеннаслужачых і ўдзельнікаў супраціўлення, якія загінулі падчас вызвалення Мышкавіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Таксама была аддадзена даніна памяці першаму старшыні калгаса “Рассвет”, легендарнаму земляку, Герою Савецкага Саюза, Герою Сацыялістычнай Працы Кірылу Пракопавічу Арлоўскаму. Сімвалічна, што ў год 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны рэканструяваны воінскія пахаванні – магіла К.П.Арлоўскага, помнік воінскай славы загінуўшым землякам.
Былі ўскладзены кветкі да магілы былога старшыні калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Васіля Канстанцінавіча Старавойтава, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, кавалера трох ордэнаў Леніна, удастоенага іншых узнагарод, які каля 30 год кіраваў “Рассветам”.
У якасці даніны павагі ўсім загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнікамі “Дажынак” ля Мемарыяла Славы ў цэнтры Мышкавіч былі пасаджаны туі – дрэвы памяці, якія сімвалізуюць мірнае жыццё.
Далей адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячай спартыўнай пляцоўкі каля жылога дома па вул.Дварцовай і дзіцячых ясляў-садка “Вясёлка”.
Святочнае ўшанаванне пераможцаў уборачнай кампаніі “Паклон шчодрай ніве, героям жніва!” з цырымоніяй узнагароджання адбылося ў Кіраўску на сцэнічнай пляцоўцы на плошчы імя Кірава. Яна была ўпрыгожана сімвалічнымі дажыначнымі снапамі, а ў самым цэнтры ганарова ўзвышаўся вялізны каравай вагой больш 52 кілаграмаў, сімвалізуючы сёлетні валавы намалот раёна – 52010 тон збожжавых і зернебабовых культур.
Харэаграфічная кампазіцыя нагадала ўсім пра старажытны беларускі абрад “Дажынкі”. Дажыначны сноп ураджаю-2021 года, а затым святочны каравай ад усіх працаўнікоў раёна як сімвал багацця, працы і славы былі ўручаны старшыні райвыканкама Галіне Паўлаўне Слабоднікавай. Ад імя раённага выканаўчага камітэта, сябе асабіста яна павіншавала ўсіх з заканчэннем уборачнай кампаніі – аднаго з важнейшых этапаў сельскагаспадарчых работ, выказала шчырую ўдзячнасць аграрыям за нялёгкую, але высакародную сельскую працу, сялянскую мудрасць і цярплівасць, высокую грамадзянскую адказнасць.
Лепшым хлебаробам, спецыялістам, кіраўнікам сельгасарганізацый, усім, хто ўнёс важкі ўклад у агульны раённы каравай, былі ўручаны Ганаровыя граматы, дыпломы, падзячныя пісьмы, падарункі.
Свае віншаванні і пажаданні выказалі кіраўчанам прадстаўнікі дэлегацыі раёна-пабраціма, з якім звязваюць шматгадовая дружба і супрацоўніцтва – Белгародскага раёна Расійскай Федэрацыі – на чале з намеснікам кіраўніка адміністрацыі – кіраўніком камітэта па развіцці аграпрамысловага комплексу Мікалая Васільевіча Бердніка.
Самадзейныя артысты, творчыя калектывы парадавалі ўсіх канцэртнымі нумарамі. Шчодрымі апладысментамі суправаджалі гледачы музычныя прывітанні ад белгародцаў – народнага калектыву “Ансамбль народных інструментаў “Раздолле” і салістаў народнай эстраднай студыі “Млечны шлях” з Горак.
Фінальнай нотай урачыстасцей стала перадача эстафеты раённых “Дажынак” дырэктару СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” Ігару Уладзіміравічу Кузняцову: раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2022” прадстаіць прымаць Чыгірынцы.
На плошчы імя Кірава райцэнтра кіраўчане і госці актыўна наведвалі шматлікія гандлёвыя рады, выставы – з захаваннем правілаў эпідэміялагічнай бяспекі. Тут было на што паглядзець, чым заняцца і што. Прываблівалі народ цудоўныя вырабы з разнастайных матэрыялаў – неверагодную фантазію праявілі іх аўтары. Цікавасць выклікалі выставы ўстаноў раёна – ЦДАДіМ, РЦСАН, ДШМ г.Кіраўска, раённага камітэта ГА “БРСМ”, іншых. Сапраўдныя шэдэўры прадэманстравалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія паказалі выставу, прысвечаную К.П.Арлоўскаму і станаўленню легендарнага калгаса “Рассвет”.
Шматлюдна было на стадыёне райцэнтра. Тут адбылося адразу некалькі мерапрыемстваў, якія зацікавілі і дарослых, і дзяцей.
Першае з іх – выстава хатніх гадаванцаў “Заахобі”. І як жа без спартыўных спаборніцтваў на стадыёне ў свята!.. Дужыя, спрытныя, смелыя, карацей, неабыякавыя да здаровага ладу жыцця, паспрачаліся ў футболе, скачках на скакалцы, дартсе, армрэстлінгу, перацягванні каната, шахматах і шашках.
Увечары на плошчы імя Кірава адбылася святочная праграма салісткі Белдзяржфілармоніі Улады і майстроў беларускай эстрады.
Усіх парадаваў святочны фейерверк.
Вольга Нігаматуліна, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Кіраўскага раёна”
Фота Максіма Мікешына, раённая газета “Кіравец”