На шляху захавання народнай спадчыны
17 верасня для спецыялістаў клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” быў праведзены семінар-практыкум.
На семінары разглядаліся вопыт і знаходкі клубных фарміраванняў сельскіх клубных устаноў і іх роля ў захаванні і развіцці традыцыйнай культуры.
Па тэме семінара з інфармацыйна-аналітычнай даведкай па тэме выступіла арганізатар семінара – метадыст 1-й катэгорыі РЦК В. А. Марчанка.
Далей у розных формах адбыўся абмен вопытам работы.
Выступленне з вопыту работы з аматарскім калектывам народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК прадставіла яго кіраўнік Л.Я.Каратцова. На сённяшні дзень гэты калектыў з’яўляецца адным з лепшых калектываў сельскіх дамоў культуры і вядзе актыўнае творчае жыццё.
Вопытам укаранення ў жыццё абрадаў, абрадавых элементаў, фальклорна-этнаграфічных праграм спецыялісты дзяліліся ў ходзе кругавой гутаркі. Былі абмеркаваны працэсы збору фальклорна-этнаграфічнай спадчыны, розныя формы яе актуалізацыі і папулярызацыі. Адзначалася роля ў гэтым працэсе клубных фарміраванняў СДК, сярод якіх – аматарскія калектывы народнай песні, этнаграфічныя аб’яднанні “Этнографы”, “Народны каляндар”. Вынікі дзейнасці клубных фарміраванняў “Этнографы” добра прадстаўлены ў СДК праз этнаграфічныя куткі і музейныя пакоі (этнахаткі). На іх базе ва многім і ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы па традыцыйнай культуры: выстаўкі, прэзентацыі, пазнавальныя і ігравыя фальклорныя праграмы, квэсты, абрадавыя праграмы і святы.
У ходзе семінара вялася размова аб рабоце клубных фарміраванняў СДК па ДПМ. Такія клубныя фарміраванні ёсць пры кожным СДК. Для стымулявання іх творчасці і выніковасці дзейнасці ўжо два гады як праводзіцца раённы конкурс “Жывое дрэва рамяства”, які падводзіць вынікі года і праз які можна падзяліцца творчымі набыткамі, засвоенымі новымі тэхналогіямі, узроўнем майстэрства і традыцый у рамеснай дзейнасці. Абмену вопытам майстроў і ўмельцаў спрыяе і рэгіянальны фестываль “Краснапольскі глечык”.
На семінары была прадстаўлена дэманстрацыя з вопыту работы: майстар-клас па вырабу традыцыйнай лялькі, прэзентацыя выставак.
Удзельнікі пазнаёміліся з традыцыйнымі лялькамі восеньскай пары – Капустніцай, Зернавушкай, Багачом, Дзесяціручкай, Карагодніцай, іх месцам і роляй ў абрадавым календары продкаў, месцам у сучасным жыцці; засвоілі тэхналогію вырабу лялькі Багач.
Здаецца, такая простая гэта з’ява – народная лялька, сабраная з кавалачкаў тканіны. А колькі цікавай інфармацыі нясе кожная з іх і здзіўляе мудрасцю продкаў! Вось, напрыклад, лялька Карагодніца: на тонкім прутку – дзяўчынка ў шырокай спадніцы. Дастаткова двума пальцамі пакруціць пруток – і дзяўчынка танчыць, кружыцца, забаўляе дзіця. Але ж – не толькі забаўляе! А непрыкметна ў гульне прывучае, падрыхтоўвае руку і пальцы для прядзення – скручвання ніткі, кручэння верацяна. Вось яна – этнапедагогіка! “Сёння мы не прядзём”, – скажа нехта. А ці развіццё дробнай маторыкі рукі нашых дзяцей ужо непатрэбна? Мудрасць нашых продкаў – на ўсе вякі!
Вопыт работы клубных фарміраванняў быў прадстаўлены і праз выстаўку партфоліо, з якімі прысутныя маглі пазнаёміцца, а потым абмеркаваць узнікшыя пытанні.
Цікаўнасць удзельнікі семінара праявілі і да формы прэзентацыі і зместу выстаўкі, прысвечанай 550-годдзю Міколы Гусоўскага, які паэмай “Песня пра зубра” стварыў сапраўдны гімн Бацькаўшчыне. Прэзентацыя выстаўкі – падарунак удзельнікам семінара ад народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак”, які быў зроблены пад знакам акцыі “За Беларусь!”, бо актуальнасць твора не страчана і ў наш час, заклікае да міру, згоды, узаемаразуменню.
В. А. Марчанка, метадыст РЦК УК “ЦКС Краснапольскага раёна”