На свята “Краснапольскі гляк” з усіх куткоў спяшы, зямляк!
III рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык” адбыўся 22 жніўня на Краснапольшчыне.
Традыцый родных не губляем,
Умельства продкаў зберагаем.
На свята “Краснапольскі гляк”
З усіх куткоў спяшы, зямляк!
Менавіта з мэтай захавання народнай спадчыны, яе рамесных традыцый, перадачы ўмельства продкаў новым пакаленням увайшоў у сацыяльна-культурнае жыццё ўсходняй часткі Малілёўшчыны фестываль “Краснапольскі глечык”. Ён стаў у шэраг з такімі культурнымі падзеямі вобласці, як фестывалі “Дрыбінскія таржкі” і “Глушанскі хутарок”, конкурс “Свята лялькі” у г. Круглае. На ўсіх гэтых і многіх іншых арыгінальных, па-мясцоваму адметных падзеях традыцыйныя рамёствы займаюць галоўнае месца, ідзе абмен вопытам, папулярызацыя рамёстваў сярод насельніцтва і гасцей.
У чым жа асаблівасць фестывалю “Краснапольскі глечык”?
Ён прапісаўся на Краснапольшчыне не так даўно – пры рэалізацыі ініцыятывы па адкрыццю ганчарнай майстэрні ў рамках праекта “Содействие развитию на местном уровне в Республике Беларусь”. Ініцыятыва па адраджэнню ганчарства – гэта крок у напрамку фарміравання адметнасці, рэгіянальнай асаблівасці краю.
У гэтым годзе фестываль народных промыслаў і рамёстваў па прапанове старшыні Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта А. Л. Трушкіна набыў назву “Краснапольскі глечык”. Па ініцыятыве Аляксандра Леанідавіча ў гарадскім парку аформлена і адпаведная экспазіцыя – як знак традыцыйнага рамяства Краснапольшчыны.
Сапраўды, ганчарства – былы гонар Краснапольшчыны. Гліняныя вырабы майстроў з краснапольскіх вёсак і сёння жывуць у быце і культурным асяродку краснапальчан. З’явіліся на краснапольскай зямлі і майстры-ганчары новага пакалення, сярод якіх А. Л. Чарткова.
Выява збанка ёсць на сцязе Краснаполля, а мясцовыя паэты апяваюць рамяство ў сваіх вершах. Кампазіцыю з іх прадставілі на свяце члены народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак”.
Сярод адметных асаблівасцей фестывалю – шырокія магчымасці абмену вопытам і далучэння да народнай творчасці, сродкі стымулявання творчых працэсаў, творчага адпачынку.
Што маецца на ўвазе?
Ну, напрыклад, на цеснае ўзаемадзеянне майстроў па абмену вопытам і пошук шляхоў і асаблівасцей захавання і развіцця традыцыйных рамёстваў ва ўмовах сучаснасці было накіравана правядзенне ў рамках фестывалю метадычна-практычнай канферэнцыі. У гэтым годзе з дакладамі на канферэнцыі выступілі 6 удзельнікаў, а слухачамі канферэнцыі стала каля двух дзясяткаў зацікаўленых асоб.
Выступленні з грунтоўнымі даследваннямі рамяства і яго асаблівасцяў, з практычнымі рекамендацыямі і прапановамі па захаванню народнай творчасці, з абменам вопыту па арганізацыі працэсаў засваення і перадачы ўмельства дзядоў і прадзедаў былі цікавыя і карысныя для ўсіх слухачоў канферэнцыі. На ёй выступілі ўдзельнікі фестывалю з Чэрыкаўскага (А. С. Бяляева), Крычаўскага (В. М.Якавенка), Слаўгарадскага (М. М. Міронава), Дрыбінскага (Т. У. Сіроціна), Краснапольскага (В. А. Марчанка) раёнаў, г. Магілёва (Т. Я. Аўласцова).
Сярод стымулюючых да творчасці сродкаў стала і правядзенне ў рамках фестывалю розных конкурсаў.
Напярэдадні фестывалю быў абвешчаны раённы конкурс “Лялька-брэнд Краснапольшчыны” на стварэнне сувенірнай рэгіянальнай лялькі.
У адной намінацыі конкурсу вызначаўся пераможца па вырабу лялькі. Ім стала майстар Краснапольскага РДР В. В. Андрыянава. У другой намінацыі лялькам-пераможцам трэба было даць назву (імя) і абгрунтаваць паходжанне назвы са спасылкай на самабытныя з’явы ці падзеі рэгіёна.
У гэтай намінацыі пераможцам стала метадыст РЦК В. А. Марчанка, якая да прапанаваных ёй назваў лялек “Цалеба”, “Харашуха” “Дзясятуха” прадставіла краязнаўчыя звесткі – пра цалебнасць святых крыніц краснапольскай зямлі; пра носьбітаў фальклору малой радзімы з ліку народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”, якія на працягу 30-ці гадоў вяртаюць у сённяшнюю маўклівасць жывыя галасы стагоддзяў праз унікальныя аўтэнтычныя спевы; пра кірмашы, на якія была багатая Краснапольшчына, адзін з якіх асабліва вылучаўся, – кірмаш Дзясятуха ў Гарах.
Яшчэ адзін конкурс адбыўся на фестывалі і ўжо рэгіянальны – конкурс “Незабытыя рамёствы”. Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі прадставілі па пяць работ, выкананыя ў народных традыцыях. Журы вызначыла пераможцаў у кожным відзе рамяства: лоза- і саломапляценне, вязанне, разьба па дрэве, ганчарства, валянне, тэкстыльная лялька і інш. Былі ў гэтым конкурсе і пераможцы з улікам асаблівай прапановы конкурсу – зрабіць эмблемны знак фестывалю “Краснапольскі глечык”. Пераможцамі конкурсу “Незабытыя рамёствы” сталі: Дыплом III ступені – В. І. Давыдаў (Касцюковіцкі РДР), Дыплом II ступені – арт-студыя “Сувязь часоў” (г. Магілёў), Дыплом I ступені – Дрыбінскі РДР.
Геаграфія ўдзельнікаў фестывалю ў гэтым годзе значна пашырылася, гэта Краснаполле, Чэрыкаў, Крычаў, Дрыбін, Слаўгарад, Касцюковічы, Магілёў, Барысаў. Усяго 50 цудоўных майстроў-рамеснікаў і ДПМ.
Ой, майстры народ здзіўляюць –
Чаго толькі не выдумляюць!
Сапраўды, на фестывалі можна было пабачыць вырабы з розных матэрыялаў і ў розных тэхніках – цудоўныя падарункі і для душы, і для вока, і для сэрца.
Прыцягвалі да сябе і доўга не адпускалі гліняныя цацкі крычаўскіх майстроў: птушкі, конікі, мядзведзі! Выраб гліняных цацак заўсёды быў падарожнікам ганчарнага промыслу. І стаў ён сапраўдным відам народнага мастацтва, а дзякуючы нястомнасці такіх апантаных творчасцю асоб, як В. М. Якавенка і Л. М. Яшчанка, традыцыя ўвайшла ў сапраўднае жыццё.
Шырокі асартымент прадставілі на фестывалі майстры студыі народнай творчасці “Сувязь часоў” з г. Магілёва.
Радавалі вока плеценыя з лазы прадметы і дэкаратыўнага, і ўтылітарнага прызначэння майстроў з Дрыбіна, Краснаполля.
Знакамітыя шапавалы з Дрыбіна прадставілі сваю валяную рамесную прадукцыю. Вабіў вока залаты цуд з саломы чэрыкаўскіх майстроў. Інкрустацыя саломай, ужыўленне карцін у драўляныя спілы, вырабы з абгорткаў кукурузных катахоў…
Не, у адным артыкуле не бяруся расказаць пра іх усіх – таленавітых, шчырых на абмен вопытам, нястомных творцаў зямлі магілёўскай!
Сучаснасць патрабуе свайго – мяняюцца матэрыялы, прызначэнне прадметаў, з’яўляюцца новыя тэхнікі. І гэта таксама радуе, і да сталых майстроў, якія працуюць у традыцыйных тэхніках, усё больш далучаецца тых, хто спрабуе сябе ў сучаснай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Таму ў фестывалі прынялі ўдзел работнікі і спецыялісты клубных устаноў, цэнтр дзіцячай творчасці, аддзяленне дзённага наведвання інвалідаў, асобныя творцы.
Акрамя магчымасці атрымаць індывідуальны майстар-клас ад любога з майстроў, наведвальнікам фестывалю прапаноўваліся і іншыя формы знаёмства з традыцыйнымі рамёствамі і ДПМ – на працягу свята-прэзентацыі “Умельства продкаў зберагаем” з галоўнай пляцоўкі фестывалю можна было пачуць добрае слова пра майстроў – гасцей свята, пачуць цікавую інфармацыю пра рамёствы і гісторыю іх развіцця, паглядзець дэманстрацыю вопыту, паслухаць інтэрв’ю з майстрамі і інш.
Інфармацыйнай насычанасці фестывалю спрыялі і выставы этнаграфічнай спадчыны краснапольскай зямлі – выстаўка ручнікоў “Льняны аповед Краснапольшчыны” (РЦК) і выстаўка ганчарных вырабаў са сховішчаў ДУК “Краснапольскі гісторыка-этнаграфічны музей”.
Па народнай традыцыі свята не абыйшлося без народнай песні і музыкі. Шмат іх можна было пачуць у выкананні народных калектываў і іх салістаў клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” (народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц”, народны вакальны ансамбль “Краснапольская субацея”, народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”, народны клуб ветэранаў “Дабрыня”, ансамблі народнай песні “Спадчына”, “Вербіца”, носьбіт музычнага фальклору В. Саранкоў, харэаграфічная група РЦК, ДУК “ЦКС Чэрыкаўскага раёна”, ДУК “ЦКС Касцюковіцкага раёна”.
Афармленне сцэны з густам зрабіла мастак-афарміцель РЦК Н. У. Саўчанка, а з работай канферэнцыі і ролямі вядучых добра справіліся В. Марчанка, М. Пугачоў, Д. Кустаў, А. Качанава, С. Сазонава, П. Выганный.
Сярод прысутных на фестывалі былі намеснікі старшыні Краснапольскага райвыканкама А. І. Чаюкова і Р. М. Бязручанка, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама А. М. Раманенка, навуковы супрацоўнік ДУК “Магілёўскі абласны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы” А. У. Саўчанка. Імі дадзена станоўчая ацэнка фестывальнай дзеі, яе арганізацыі, прызначэння і правядзення. Рэфлексійны жа аналіз удзелу ў фестывалі майстры змаглі ажыццявіць за круглым сталом у Краснапольскай ганчарнай майстэрні, дзе іх цёпла віталі спецыялісты РДР пад кіраўніцтвам В. В. Маскальковай.
Народныя мастацкія рамёствы – адна з форм народнай мастацкай творчасці. І ў гэтым Беларусь можна лічыць багатай нацыяй: у нас да сённяшніх дзён захаваліся многія віды і формы традыцыйнага фальклору, колішнія рамёствы, якія складаюць значную і адметную частку сучаснай нацыянальнай культуры, з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
І, канешне, сваю лепту ў гэту справу ўносяць і такія фестывалі, як “Краснапольскі глечык”, дзе перадача рамяства ажыццяўляецца комплексна і дзе ёсць магчымасць пераймання яго ад майстра з рук у рукі.
В. А. Марчанка, метадыст 1-й катэгорыі РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”