Напрыканцы лістапада «Бялыніцкая тэатральная восень-2018» падарыла аматарам тэатра шмат хвалюючых, незабыўных эмоцый
Штогод у ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна» праходзіць раённы агляд-конкурс тэатральна-драматычных калектываў сярод клубных устаноў.
На працягу лістапада ў клубных установах прайшлі прэм’еры тэатральных пастановак, у якіх былі задзейнічаны навучэнцы школ, работнікі сельгаспрадпрыемстваў, настаўнікі, пенсіянеры.
28 лістапада ў рамках творчага праекта «Бялыніцкая тэатральная восень-2018» на сцэне раённага цэнтра культуры адбыліся паказы тэатральных пастановак.


На дзіцячыя спектаклі завіталі вучні школ горада. Уважліва, з непадробнай цікавасцю сачылі яны за дзеямі, якія адбываліся на сцэне. Хваляваліся за герояў п’есы-казкі Г.Аўласенкі «Як казкі пераблыталіся» ў пастаноўцы ўдзельнікаў тэатральнага гуртка Цяхцінскага сельскага Дома культуры (кіраўнік Людміла Юрэвіч), як тыя выйдуць з няпростай сітуацыі і нарэшце патрапяць у свае казкі. З ролямі гэтай казкі-п’есы бліскуча справіліся Белахвостава Інга, Альшэўская Ксенія, Альшэўская Насця, Наўгародцава Юля, Ігнаценка Карына, вучаніцы Цяхцінскай школы. Разам з героями п’есы-казкі А.Емельянавай «Маша і Мядзведзь», яшчэ раз пераканаліся ў тым, што дружба і ўзаемадапамога творыць сапраўдныя цуды, што працавітасць, знаходлівасць і аптымізм дапамогуць выйсці з цяжкага становішча. Ролі гэтай пастаноўкі на высокім узроўні выканалі ўдзельнікі гуртка аматараў прозы і паэзіі Машчаніцкага сельскага клуба (кіраўнік Клара Здрук), вучні Машчаніцкай школы Паўлючэнка Ксенія, Камлева Дыяна, Здрук Ірына, Кандратава Дар’я і Юшкевіч Дар’я.
Для дарослай аўдыторыі былі паказаны спектаклі «Дело было в Петушках» (аўтар В.Ткачоў) і «Стомлены д’ябл» (аўтар С.Кавалёў) у выкананні ўдзельнікаў тэатральна-драматычнага гуртка Ланькаўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу (кіраўнік С.Камлёва) і тэатральна-драматычнага гуртка Свяцілавіцкага сельскага цэнтра культуры (кіраўнік К.Галуза).
Самадзейныя артысты і дарослыя, і дзеці выдатна выканалі ролі, не разгубіліся на вялікай сцэне раённага цэнтра культуры, парадавалі мясцовых аматараў тэатра па-сапраўднаму дакладнымі, самымі неверагоднымі, нават казачнымі пераўвасабленнямі ў ролі.


Па выніках конкурсных праглядаў вызначыны пераможцы. Дыпломы I ступені ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна» атрымалі: Свяцілавіцкі сельскі цэнтр культуры і Машчаніцкі сельскі клуб. Дыпломы II ступені атрымалі: Вішоўскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу за пастаноўку па п’есе Л.Радзевіча «Конскі партрэт» і Цяхцінскі сельскі Дом культуры. Дыпломы III ступені атрымалі: Кудзінскі сельскі Дом культуры за пастаноўку па п’есе С. Кавалёва «Піліпка і ведзьма» і Ланькаўскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу. Дыпломы ў намінацыях «Лепшая дзіцячая роля», «Лепшая жаночая роля» і «Лепшая мужчынская роля», атрымалі: Паўлючэнка Ксенія, вучаніца 6-га класа Машчаніцкай школы, бліскуча выканаўшая ролю Машы у спектаклі «Маша і Мядзведзь», Кацярына Маслянкова (дырэктар СЦК) і Генадзь Дзямідаў (работнік райаграпрамтэхзабеспячэння) удзельнікі тэатральна-драматычнага гуртка Свяцілавіцкага сельскага цэнтра культуры, выканаўшыя ролі суседкі і суседа.


У фае таксама былі арганізаваны: фотагалерэя «Бялыніцкая тэатральная восень: старонкі гісторыі»; фотазона, дзе можна было зрабіць фота на тэатральную тэму; фітабар; выстава работ дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва Свяцілавіцкага сельскага Дома рамёстваў, міні-відэазала, дзе дэманстраваліся відэазапісы спектакляў папярэдніх прэм’ер творчага праекта.


Людміла Куранкова, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раена»