Народнае свята «Шырокая Масленіца» ў г.Чавусы

1 сакавіка ў г.Чавусы, на пляцоўцы перад будынкам раённага Цэнтра культуры і вольнага часу адылося народнае свята «Шырокая Масленіца».
Для наведвальнікаў свята былі арганізаваны святочныя падворкі прадпрыемстваў і арганізацый раёна з выставай-дэгустацыяй масленічных страў: разнастайная выпечка і вельмі смачныя бліны з маслам, з мёдам і са смятанай. Для дарослых і маленькіх арганізаваны цікавыя фотазоны і тантамарэскі, а таксама пляцоўка з спартыўнымі спаборніцтвамі: «перацягванне каната», «скачкі праз вялікую скакалку», «закінь мяч у вароты» і іншыя. Працавала выстава тэхнікі сілавых структур і спецыяльнай тэхнікі арганізацый раёна. Таксама працавалі выставы майстроў, сувенірную прадукцыю прапаноўвалі наведвальнікам свята карабейнікі.


Работнікі клубнай сістэмы арганізавалі для вучняў гарадскіх школ і абласной сярэдняй школы масленічны квэст, на якім удзельнікі праходзілі станцыі: «шустры валёнак», «ледзяная пераправа», «марозны малюнак», «загадкавая», «блінны жанглёр», «блінная гасцёўня».
Тэатралізаванае прадстаўленне «Бывай, Масленіца» з конкурсамі, гульнямі і забавамі падрыхтавалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання мастацкага слова «Ветразь» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, кіраўнік Алена Панчанка. Наведвальнікі мерапрыемства даведаліся, колькі дзён адзначалі Масленіцу, адгадвалі загадкі Гаспадара, разам будзілі Мядзведзя і гулялі з ім у гульню «Вясёлы бубен».


Абрад «Вешанне калодкі» прывезла з сабою на раённую «Масленку» Людміла Кавалёва, загадчык культурна-спартыўнага цэнтра аграгарадка Вусце. Пра гэты абрад Людміла Канстанцінаўна даведалася, яшчэ калі была зусім маленькай, ад сваёй бабулі Сулейка Маланні Фёдараўны, уражэнкі вёскі Александроўка Чавускага раёна. «Жанчыны нашай вёскі Александроўка, адкуль я родам, збіраліся на масленным тыдні, упрыгожвалі невялікую калодачку, вешалі яе на стужачку, загадзя ўпрыгожаную штучнымі кветкамі, цукеркамі. Таксама на стужачку чамусьці вешалі бутэльку адэкалона, мабыць прыцягнуць халастых дзяўчат. Апасля выходзілі на вуліцу, і, калі сустракалі халасцяка, вешалі на шыю гэтую калодку. Але ж мужчыны звычайна былі супраць, яго даганялі і, цапляючы калодку, жадалі яму ажаніцца ў гэтым годзе. А ў вечары мужчыны, якім дасталіся калодкі, рабілі жанчынам вечарыну з пачастункамі» – паведала нам Людміла Кавалёва. Халасцяка ўсё ж знайшлі вусцянскія сяброўкі на масленым гулянні і павесілі на яго шыю добра ўпрыгожаную калодку. Хлопец адкупіўся смачнымі цукеркамі, але ж паабяцаў ў гэтым годзе жаніцца. А масленічную калодку кінуў сабе, бо яна была вельмі прыгожая!
Урачыстым шэсцем сустрэлі Масленіцу на галоўнай пляцоўцы з сімвалам «сонца», хлопцы з дзяўчатамі і з усімі жадаючымі вадзілі вакол карагоды, спявалі разам з ўдзельнікамі народнага фальклорнага ансамбля «Спадарыня» абрадавыя песні «А мы Масленку сустракалі» і «А сёння ў нас Масленіца».
Кульмінацыйным дзеяннем свята – з’явілася спальванне пудзіла Масленіцы.
Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага маствацтва і рамёстваў РЦКіВЧ ДУК “Цэнтралізаваная клубная ссітэма Чавускага раёна”