Народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Добрасць» Крычаўскага раёна – 10 год
Студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Добрасць» дзейнічае пры раённым Цэнтры культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна». Кіраўніком студыі з’яўляецца народны майстар Рэспублікі Беларусь Якавенка Вячаслаў Мікалаевіч.
Студыя аб’ядноўвае звыш 40 чалавек рознага ўзросту, якія працуюць па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, вязанне, вышыўка, бісерапляценне, лозапляценне, разьба па дрэве, выцінанка, вырабы з бяросты, пляценне з лыка, бацік і г.д. Сярод удзельнікаў студыі – народныя майстры Рэспублікі Беларусь, а таксама члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Галоўны накірунак дзейнасці калектыву – вывучэнне, адраджэнне і захаванне традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў, ў тым ліку тых, што здаўна існавалі на Крычаўшчыне, збор этнагарафічных экспанатаў, матэрыялаў па культурна-гістарычнай спадчыне краю, вывучэнне фальклору, прапаганда і папулярызацыя беларускай культуры і мастацтва.
Работы, створаныя майстрамі студыі, вызначаюцца стылістычнай адметнасцю, асабістым мастацкім бачаннем, творчым выкарыстаннем розных мастацкіх прыёмаў, імкненнем да наватарства і эксперыментаў. Разам з тым, творчае развіццё ўдзельнікаў студыі ідзе па шляху цеснай сувязі з нацыянальнымі традыцыямі, вынікам чаго з’яўляецца ўзбагачэнне ўнутранага зместу твораў. Удзельнікі студыі «Добрасць» пры стварэнні сваіх работ карыстаюцца спецыяльнай літаратурай, вывучаюць археалагічныя знаходкі, музейныя экспанаты, сустракаюцца з носьбітамі традыцый народнай творчасці.
Удзельнікамі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва штогод арганізуюцца і праводзяцца тэматычныя, а таксама персанальныя выставы кожнага майстра студыі. Вядучыя майстры студыі праводзяць майстар-класы на розных святах, фестывалях і кірмашах не толькі ў Беларусі, але і іншых краінах.
Віншуем народную студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Добрасць» з 10-годдзем творчай дзейнасці. Жадаем натхнення, поспехаў і творчых перамог.