Народны ансамбль народнай песні «Вязанка» прымаў удзел у Міжнародным фальклорным фестывалі ў Вільнюсе
З 23 па 26 мая народны ансамбль народнай песні «Вязанка» Вяззеўскага сельскага Дома культуры прымаў удзел у Міжнародным фальклорным фестывалі ў Вільнюсе. Фестываль з паэтычнай назвай «Skamba skamba kankliai» («Звіняць, звіняць канкляй», канкляй – літоўскія гуслі) праходзіць у Вільні ў апошні майскі тыдзень з 1973 года.
Адзін з найстарэйшых фолк-форумаў Еўропы збірае лепшых самадзейных і прафесійных выканаўцаў з розных краін. Пляцоўкай для выступаў народных музыкаў, спевакоў і танцораў служыць увесь стары горад. Сёлета фестываль сабраў лепшыя Літоўскія фальклорныя гурты, а таксама калектывы з Украіны, Грузіі, Італіі, Грэцыі, Аўстраліі, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Беларусі.
Канцэрты праходзілі як у сценах тэатраў, музеяў, храмаў, культурных цэнтраў, так і на старадаўніх вуліцах горада. Акрамя асноўнай мастацкай праграмы, у рамках фестывалю можна было пазнаёміцца з традыцыямі і звычаямі розных рэгіёнаў Літвы, а таксама суседніх дзяржаў.
Знаёмства з аўтэнтычнай культурай адбывалася ў форме майстар-класаў, гульнёвых семінараў, прыняць удзел у якіх мог любы жадаючы. Асабіста далучыцца да народнай спадчыны можна было на вялікім рамесным кірмашы. Народны ансамбль народнай песні «Вязанка» прыняў удзел у адкрыцці і закрыцці фестываля, выступіў з разнастайнай шырокай праграмай у музеі энергецікі і тэхнікі. У зале Вільнюскай акадэміі музыкі ансамбль прадставіў культуру беларусаў фрагментам вясельнага абраду.
Музычна-танцавальнае свята завяршылася урачыстым парадам удзельнікаў па гістарычным цэнтры Вільнюса і гала канцэртам.