Народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” з Краснапольшчыны заняў першае месца ў Міжнародным дыстанцыйным конкурсе-фестывалі “Мы вместе”
“Лаўрэат I ступені” – такім дыпломам адзначан удзел народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі” з Краснапольшчыны ў Міжнародным дыстанцыйным конкурсе-фестывалі “Мы вместе”.
У кожнага народа свая народная мудрасць і, напэўна, кожная нацыя ўжо на генетычным узроўні ўспрымае свой фальклор, які ўходзіць каранямі ў глыбокую гісторыю. Народная культура – сапраўднае багацце, глыбокая і чыстая крыніца духоўнасці.
Вялікі старажытны пласт фальклорнай спадчыны Краснапольшчыны сабраў і захаваў за тры дзясяткі гадоў свайго існавання народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” пад кіраўніцтвам В. А. Марчанка. Сёння іх песні – бясцэнныя жамчужыны фальклору, якія патрэбна перадаць нашчадкам.
За час сваёй творчай дзейнасці “Горскія харашухі” ў сваім рэпертуары назапасілі сотні песень, не адну абрадавую праграму, розныя фальклорныя замалёўкі, фальклорныя дзействы.
Час ідзе, калектыў, на жаль, страчвае старэйшых сваіх спявачак, а моладзь таксама пакідае калектыў з прычыны змены месца свайго жыхарства. Год таму назад пайшла з жыцця ўнікальная носьбітка аўтэнтычных твораў В.П.Картузова, пакінулі вёску Горы і памянялі месца пражывання малодшыя ўдзельніцы В. Снытка, Т. Леснічэнка, С. Палітыкіна.
Негледзячы на гэтыя абставіны і цяжкасці сённяшняга дня, выкліканыя каранавіруснай пандэміяй, кіраўнік ансамбля і яго ўдзельніцы адшукваюць спосабы і магчымасці падзяліцца фальклорным багаццем, прыцягнуць да яго маладое пакаленне і, па-магчымасці, прыняць удзел у розных культурных падзеях і конкурсах, уключаючы рэгіянальныя, абласныя і міжнародныя.
Па ініцыятыве кіраўніка ансамбля ў гэтым годзе адбыўся рэгіянальны фестываль у в.Горы Краснапольскага раёна “Чары сівой даўніны”, які ўключаў правядзенне трох рознажанравых конкурсаў: фальклорнай песні, гарманістаў і апавядальнікаў паданняў і легенд сваёй мясцовасці.
З прыцягненнем моладзі адбыўся ўдзел у абласным праекце “Скарбніца Падняпроўя” і выступленне на абласной сцэне ў канцэрце “Галасы Падняпроўя”.
Кіраўнік ансамбля В.А.Марчанка стала лаўрэатам I ступені ў II Міжнародным дыстанцыйным конкурсе мастацтваў “Яркие огни”, арганізаваным УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”.
І вось новая ўзнагарода: конкурсная музыкальна-тэатральная пастаноўка (абрадавая праграма) праз удзел у міжнародным дыстанцыйным конкурсе-фестывалі “Мы вместе” адзначана дыпломам лаўрэата I ступені. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Усерасійскае адукацыйнае выданне “Новые идеи”.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”