Народны фальклорны ансамбль “Спадарыня” запрасіў на “Піліпаўскія вячоркі” ў Чавускі раён

15 снежня 2023 года народны фальклорны ансамбль “Спадарыня” запрасіў у Чавускі раённы Цэнтр культуры і вольнага часу на абрадавую праграму “Піліпаўскія вячоркі”.
У цэнтры зала раённага Цэнтра культуры ўжо падрыхтаваная да святкавання Новага года ёлка, якая прыцягвала сваім упрыгожваннем вочы гледачоў. А побач на пляцоўцы, дзе праходзіла мерапрыемства, стаяла імправізіраваная ўпрыгожаная сялянская хата з атрыбутамі: стол накрыты абрусам, красны кут упрыгожаны ручнікамі, лаўкі, печ і г.д.


Гаспадыня, якая рыхтавалася сустракаць гасцей, ужо клапатала ў хаце. Госці – сяброўкі гаспадыні, прыйшлі не з пустымі рукамі – прыгатавалі традыцыйныя стравы: бабку з цыбуляй, гарбузовую кашу, бульбяныя камы з грыбамі, саладуху, кулеш і г.д. Гэтымі стравамі можна частавацца ў Піліпаўскі пост, які ўжо праходзіць з 28 лістапада і працягнецца да 6 студзеня.
Жанчынкі прыняліся за працу, хто за вязанне, хто за вышыўку, а Таццяна Іванаўна Манкевіч, носьбіт традыцый Чавускага раёна, прадэманстравала гледачам, як раней пралі на пралке. Бо “Што ў Піліпаўку спрадзешь, то да Вялікадня сатчэш”, “У Піліпаўскія ночкі прадуць штаны, сарочкі”, як казалі ў Чавускім раёне.


Сяброўкі працавалі, успаміналі былыя гады, як выходзілі замуж, загадвалі загадкі, спявалі любоўныя ды лірычныя песні “Там за гаем зеляненькім”, “Цераз рэчаньку”, “Вецер з поля, туман з моря”, “Па-за садам, па-за гаем”. А яшчэ дзяліліся прыкметамі. Напрыклад, снежань – ад слова снег, гэта першы месяц зімы. Ён заўсёды самы пахмурны месяц у годзе. А ў народзе казалі: у Піліпаўку дзень да паўдня. Ёсць і такія прыкметы… Калі ў Піліпаўку навісь на дрэвах – к добраму ўраджаю збожжа. Калі добрае надвор’е – такое будзе і на Пятроўку. Калі шмат снегу, марозу, то год будзе багаты. А вось з 17 снежня на Варвару ночы робяцца карацейшыя, а дні – даўжэйшыя. У народзе кажуць: “Варвара ноч урвала”. Калі на Варвару добрае надвор’е, то будзе добры ўраджай ільну.


У Піліпаўскі пост святкуюць тры святы – Варавара, Сава, Мікола. Гэтыя святы называлі “бабскія”. Жанчыны не пралі, таму што Святая Варвара была замучаная верацёнамі, а збіраліся разам, пяклі пірагі з макам ды спявалі песні. А яшчэ ў Піліпаўку нельга было жаніцца ці замуж выходзіць, бо ў гэты час збіраюцца ваўкі ў зграі, робяць вяселлі “ваўчыныя”. А калі маладыя пажэняцца, то будуць жыць вельмі дрэнна, “грызціся” ды сварыцца.
Дзякуючы ўдзельнікам народнага фальклорнага ансамбля “Спадарыня”, на “Піліпаўскіх вячорках” чавускія гледачы акунуліся ў былы час і адчулі сябе на месцы нашых продкаў.


Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва ірамёстваў РЦК і вольнага часу ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна”