Народны майстар Хоцімскага Дома рамёстваў правяла майстар-клас для навучэнцаў
21 верасня 2022 года раённы Дом рамёстваў наведалі навучэнцы СШ №1 г.п.Хоцімска. Для іх майстар-клас па ткацтве “Адраджэнне ткацтва на зямлі беларускай” правяла Таццяна Іванаўна Кавалёва, майстар па ткацтве, Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Рэспублікі Беларусь.
Таццяна Іванаўна пачала гутарку з таго, што расказала дзецям як, адкуль і якім чынам развівалася ткацтва. Яна задавала пытанні, такія як: “Ці бачылі ткацкія станкі?”, “У каго бабуля ткала?”, “Ці спрабавалі самі ткаць?”, тым самым майстар актыўна залучыла ўсіх у гутарку. Таксама расказала, якім попытам карыстаюцца тканыя вырабы не толькі ў нашых краях, але і за мяжой.
У сваю чаргу дзеці цікавіліся ў Таццяны Іванаўны: “Як Вы прыйшлі да таго, каб пачаць займацца адраджэннем ткацтва?”, “Колькі гадоў Вы працуеце ў Доме рамёстваў?”, “Якія ўзнагароды ў Вас ёсць?”.
Таццяна Іванаўна адказвала на пытанні. Затым майстар паказала, з чаго складаецца ткацкі станок, як нацягваюцца ніткі, як робіцца ўзор. Рабяты і самі з вялікім задавальненнем паспрабавалі сябе ў ролі ткачоў, тым самым адзначылі, што гэта вельмі карпатлівая праца.
Майстар-клас прайшоў прадуктыўна і цікава, у лёгкім і цёплым становішчы.
Марыя Джавукцян, дырэктар Хоцімскага Дома рамёстваў