“Навагодні чараўнік” – менавіта так хочацца назваць мастака-афарміцеля Краснапольскага раённага Цэнтра культуры Наталлю Саўчанка

Кожны год мастак-афарміцель Краснапольскага РЦК Наталля Уладзіміраўна Саўчанка, дзякуючы сваёй нястомнай фантазіі, прафесіяналізму, умельству рук і жаданню падарыць радасць сваім землякам і гасцям Краснапольшчыны, пераўтварае розныя куткі ўстановы ў сапраўдныя казачныя і чароўныя экспазіцыі.
Фае РЦК становіцца “офісам” Дзеда Мароза – з “ледзянымі” сценамі, гурбамі “снега”, з навагоднімі ёлкамі і прыгожымі “падарункамі”, сярод якіх магчыма адшукаць адрасаваны кожнаму. Утульнасць і прыцягальнасць для нас, любіцеляў цяпла, дорыць “камін” – амаль што не з натуральным “полымям” у ім.
А цяпер зазірніце ў глядзельную залу. Там ідзе навагодняя казка “Тайна золотого ключика”. Дэкарацыі да гэтага спектакля, касцюмы героўяў казкі – таксама справа рук і фантазіі мастака Наталлі Саўчанка! Іх стварэнне – справа захапляльная, магчыма таму да пошуку матэрыялаў і аздабленняў, да пашыву касцюмаў з ахвотай далучылася і касцюмер РЦК Алена Петрусёва.
А вынік гэтай па-сапраўднаму мастацкай справы – шыкоўныя касцюмы, якія так добра дапамаглі ў стварэнні вобразаў казачных герояў.
Аказваецца, ёсць ён – навагодні цуд, і ёсць яны – сапраўдныя чараўнікі! Тыя з вас, хто наведаў “Офіс” і хто паглядзеў навагоднюю казку, пагадзяцца з гэтай думкай. Вы яшчэ не верыце – тады зазірніце ў калядныя дзянькі ў Краснапольскі РЦК і ўпэўніцеся ў гэтым на ўласныя вочы. 14 студзеня вы можаце яшчэ патрапіць на Калядны канцэрт – з цікавымі казачнымі героямі-вядучымі і самадзейнымі артыстамі-спевакамі Краснапольскага РЦК.
Прыемных вам праглядаў, сустрэч з прыгожым і добрых фотаздымкаў на памяць.


В.А.Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”