НЕ АДРАКУСЯ СПАДЧЫНЫ СВАЁЙ
Святкаванне міжнароднага Дня роднай мовы стала ўжо традыцыйнай культурнай падзеяй на Краснапольшчыне. Народнае аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” пад кіраўніцтвам Валянціны Марчанка зноў гасцінна запрасіла гасцей у творчую гасцёўню “Не адракуся спадчыны сваёй”.
Прысутныя апынуліся ў святле роднай мовы, мастацкага слова, духоўнасці. У гасцёўні гучалі творы класікаў беларускай літаратуры і паэтаў- аматараў Краснапольшчыны, творы ўдзельнікаў конкурсу “Мы на матчынай мове жывём” у выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры, членаў аб’яднання “Світанак”, удзельнікаў конкурсу, дзяцей.
Сустрэча ў гасцёўні распачалася тэматычнай кампазіцыяй “Каштоўнасці, на ўсе вякі”, якая ўпэўнівала, што жыццё, Радзіма, землякі, мова яднаюць людзей і, па словах вядомага паэта, пераўтвараюць людзей у нацыю.
У гасцёўні былі падведзены вынікі III расійска-беларускага конкурсу аматараў літаратурнай творчасці “Мы на матчынай мове жывём”, дзе пераможцам былі ўручаны дыпломы.
Конкурс накіраваны на папулярызацыю роднай мовы і творчасці, выхаванне патрыятычных пачуццяў, на ўмацаванне сяброўскіх зносін і ўзаемадзеянне культур саюзных дзяржаў.
У 2023 годзе на конкурс паступіла 38 твораў – 33 у вершаванай форме, 5 – у прозе. Удзельнікамі конкурсу сталі творцы з Беларусі – Краснапольскага, Быхаўскага, Крычаўскага, Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці, Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, з г. Пінску Брэсцкай вобласці, з г. Гродна; творцы з Расіі – Дзяцькаўскага, Краснагорскага, Навазыбкаўскага раёнаў Бранскай вобласці.
Пераможцы конкурсу былі адзначаны дыпломамі I, II, III ступені, астатнія – дыпломамі ўдзельнікаў.
Дыпломамі I ступені ў намінацыі “На роднай мове гавару” у жанры “паэзія” узнагароджаны Валянціна Пранкевіч (г. Чачэрск Гомельскай вобласці) і Валянціна Марчанка (г. п. Краснаполле Магілёўскай вобласці), у жанры “проза” у намінацыі “На роднай мове гавару” ўзнагароджаны Аляксандр Хандожка (пгт. Красная гара Бранскай вобласці), у намінацыі “Мая родная мова” не вызначаліся, так як у гэтай намінацыі былі заяўлены толькі 2 ўдзельнікі. Тое, што ўдзельнікі конкурсу аддалі перавагу намінацыі “На роднай мове гавару”, а не разважанню пра родную мову, нават радуе, гэта цудоўна – размаўляць на роднай мове, думаць на ёй, пісаць на ёй, ствараць на ёй вершы і іншыя літаратурныя творы.
Праз відэа да ўдзельнікаў гасцёўні звярнуліся расійскія сябры ў асобе дырэктара МБУК “Краснагорская МЦРБ” Г. М. Ставінавай. З гэтай установай на працягу многіх гадоў падтрымліваецца творчае і прафесійнае ўзаемадзеянне.
Паэтычнымі радкамі аб родным краі распавядалі творы мясцовых паэтаў-аматараў у іх выкананні, а таксама – прадстаўленыя на выставе выдавецкай прадукцыі аб’яднання “Світанак”. Быў аформлен буклет “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”.
Сустрэча аднадумцаў і аматараў мастацкага слова было прымеркаванае і да Года міру і стварэння ў Беларусі. Тэма міру знайшла сваё адлюстраванне ў творах мясцовых паэтаў-аматараў і ўдзельнікаў конкурсу “Мы на матчынай мове жывём”.
Сёння асноўная частка беларусаў прыйшла да разумення, што сапраўдныя каштоўнасці народа, такія, як мова, культура, гістарычная памяць, не могуць несці ў масы зло і разбурэнне. Яны мірныя, як і наша нацыя.
Праз інтэрактыў з залай, калі ўдзельнікі гасцёўні выказвалі словы, якія носяць у сваіх сэрцах, якія ў іх у крыві, прыемна было пачуць мноства цёплых і добрых слоў і ўпэўніцца, што думкі ў людзей – светлыя, чыстыя, міралюбныя.
“Слова можа і павінна несці стваральны характар, заклікаць да гуманістычных ідэалаў, да мірнага суіснавання, узнімаць духоўнасць”, - упэўнены члены аб’яднання “Світанак” і робяць значны ўнёсак у актывізацыю культурнага жыцця раёна, ідуць з мастацкім словам да людзей.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М. В. Разгонава.
Мерапрыемства было прапанавана для прагляду яго атэстацыйнай рэспубліканскай камісіяй на прадмет пацверджання наймення “народны” аб’яднання “Світанак”.
Валянціна Марчанка, кіраўнік аб’яднання “Світанак”