Новая пастаноўка быхаўскай “Крыніцы”
У рэпертуары тэатральнага гурта “Крыніца” (кіраўнік – Алена Сідарэнка), які дзейнічае на базе Быхаўскага раённага Цэнтра культуры, з’явілася новая пастаноўка па п’есе Андрэя Макаёнка “Трыбунал”. Нагодай для пастаноўкі спектакля стала 70-годдзе Вялікай Перамогі.
Чарнавы варыянт “Трыбунала” Макаёнак напісаў у 1970 годзе за рэкордна сціслы тэрмін – трое сутак, хоць пазней дапрацоўваў асобныя сцэны. Неўзабаве п’есу паставілі больш за 160 прафесійных калектываў. Жанр “Трыбунала” пазначаны як трагікамедыя.
У гады Вялікай Айчыннай вайны барацьба з ворагам ішла паўсюль – і ў акопах, і ў лесе, і ў звычайнай вясковай хаце. Сюжэт п’есы наступны: бацька, сельскі пастух, ролю якога выконвае Віталь Стрынадка, ідзе на службу да фашыстаў. Сям'я не можа прыняць такі выбар і ладзіць сапраўдны трыбунал. Дачкі, сын, жонка (Вольга Уласава) паўстаюць супраць Цярэшкі і выракаюць яго на… смерць.
Хаця і высвятляецца, што бацька – шчыры савецкі патрыёт, змаганне паміж любоўю і абавязкам прыводзіць да трагедыі.
Ролі дачок у пастаноўцы выконваюць Марыя Тарасевіч, Алена Сідарэнка і Алена Цыганава. У ролі сына выступае Андрэй Папкоў.
Першымі гледачамі п’есы “Трыбунал” сталі работнікі ўстаноў культуры падчас правядзення чарговай нарады 24 красавіка.
Неўзабаве калектыў прыме ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”, прымеркаваным да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пажадаем тэатральнаму гурту “Крыніца” творчых поспехаў!
Святлана Саламевіч, загадчыца метадычнага аддзела РЦК