Новыя ініцыятывы: Краснапольскі Арбат
Калі казаць проста, то ў гэты дзень вуліца перад уваходам на цэнтральны рынак ператварылася ў пляцоўку для самарэалізацыі талентаў і магчымасцей звычайных жыхароў раёна і работнікаў культуры! Уся справа ў тым, што па замыслу ініцыятывы, кожны жыхар раёна, кожны сацыяльны аб’ект, любая арганізацыя і нават госці раёна на Краснапольскім Арбаце атрымліваюць магчымасць спяваць песні і чытаць вершы, выстаўляць свае выстаўкі і ладзіць прэзентацыі, праводзіць акцыі, тэматычныя праграмы, дзяліцца навінамі і планамі і г. д. На вуліцу могуць выходзіць мастакі і паэты, артысты тэатра і спевакі, клоуны і майстры народнай творчасці і іншыя творчыя асобы.
Мне, як аўтару ініцыятывы бачыцца, што работа такой сацыяльна-культурнай пляцоўкі-вуліцы расшырае магчымасці насельніцтва раёна ў атрыманні сацыяльна-культурнага абслугоўвання, прычым без залішніх клопатаў і затрат.
У чацвер – кірмашовы дзень у г. п. Краснаполле, і з раніцы да апоўдня вуліца цалкам напоўнена тымі, хто вымушаны быў выйсці з дому за неабходным таварам. А тут чакана ці нечака яны трапляюць у культурную прастору! Прастору, якая адкрывае творчым асобам магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і талент, далучыцца да розных відаў мастацтва. А яшчэ – яна забяспечвае стварэнне і падтрыманне станоўчага іміджу культуры Краснапольшчыны”.
Ініцыятыва знайшла падтрымку райвыканкама. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама Раманенка А. М. падзялілася ўражаннем: “Ініцыятыва пайшла лёгка, без лішняй заарганізаванасці. Адзінае, што хочацца яшчэ раз падкрэсліць для ўсіх жыхароў Краснапольшчыны, – ведайце, Арбат задуманы для вашай рэалізацыі, выходзьце на гэту вуліцу, раскрывайце свае таленты і сэрцы, работнікі культуры вам дапамогуць. Давайце жыць прыгожа, весела, культурна. І не толькі ў Год культуры, а заўсёды”.
Наведвальнікамі Краснапольскага Арбата 4 жніўня змаглі стаць сотні жыхароў Краснапольшчыны. Скажыце, дзе яшчэ мы можам сёння збіраць такія залы?! Людзі змаглі пачуць і спевы народных песень, і салістаў-вакалістаў: выступіў народны клуб ветэранаў “Дабрыня”, ансамбль “Праліца” і персанальныя “спевакі ад народа” – Бяляцкая Л., Цыс Н., Арлоўская А., Асіпенка Ю., Кустаў Д., Чаюкоў І., інш. Тут адбылася прэзентацыя літаратурнай выставы “Сэрцам роднага слова краніся”, якую аформілі спецыялісты ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна”. Тут можна было паслухаць і пранікнёныя паэтычныя радкі беларускіх паэтаў-класікаў у выкананні бібліятэчных работнікаў. З вуснаў работнікаў РЦК, якія рэгулявалі працэс на Арбаце, Кузняцова А. і Чаюкова І. можна было пачуць навіны культуры раёна і бліжэйшыя планы клубнай сістэмы, і, канешне, рэкламу ажыццяўляемай ініцыятывы.
Вочы радавалі выставы майстроў і майстар-класы раённага Дома рамёстваў, персанальныя выстаўкі твораў народных умельцаў раёна, якіх, спадзяёмся, з кожным чацвяргом будзе ўсё больш.
ГА “БРСМ” змагло рэалізаваць на мнагалюдным Арбаце акцыю “У школу – з добрым сэрцам”, у ходзе якой назбіраўся важкі “партфель” са школьнымі прыналежнасцямі.
Наведвальнікі Арбата гулялі ў бяспройгрышныя латарэі, набывалі сувеніры, атрымлівалі кансультацыі майстроў, цягнуліся да кніжных выданняў, пускаліся ў скокі пад вясёлыя спевы, абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае – і гэта цудоўна, бо арганізаваць вольны час жыхароў – яшчэ адна з задач ініцыятывы.
“Адчуваецца, што ў Краснаполлі ёсць жыццё!”, “Калі б знала, што тут будзе, і ўнучку б разбудзіла, прывяла”, “Ой, што за свята тут устроілі, малайцы”, “А яшчэ так будзе, дык зноў прыду” – такія і падобныя водгукі наведвальнікаў Арбата можна было пачуць і парадавацца за людзей, якія і на кірмашы пабывалі і асалоду атрымалі – адпачылі на Краснапольскім Арбаце і ўдыхнулі глыток культурнага паветра ў натуральным асяроддзі свайго грамадства.
Марчанка Валянціна, метадыст Краснапольскага РЦК