“Падарожжа ў мінулае” здзейснілі ў Клічаўскім раёне
Гэта цікавая гісторыя пачалася з наміткі, якую знайшлі некалькі год таму ў Запольскай васьмігадовай школе. Рэч была вельмі паношаная і падобная на рушнік. Каб разабрацца, мы звярнуліся да кандыдата мастацтвазнаўства НАН Беларусі Віннікавай Марыі Мікалаеўны. Аказалася, што гэта сапраўды намітка.
Пачаліся паходы ў краязнаўчы музей, дзе было знойдзена яшчэ некалькі намітак. Некаторыя з іх аказаліся з Брэстскай вобласці і некалькі з Клічаўскага раёна. Марыю Мікалаеўну зацікавіла намітка з Пярэкаля, бо на ёй, акрамя вышыўкі па краях, быў вышыты налобнік. Яна сказала, што можна зрабіць расшыфроўку наміткі і даведацца спосаб яе нашэння. Мы са свайго боку зрабілі даследванні і даслалі ў Мінск. Праз некаторы час Марыя Мікалаеўна пераслала нам спосаб завязвання гэтай наміткі, зрабіўшы аналіз іншых падобных галаўных убораў. Аказалася, што так намітку насілі ў Чэрвеньскім раёне ў вёсцы Зайцы.
Маючы такія цікавыя вынікі, мы вырашылі сумесна з краязнаўчым музеем правесці мерапрыемства для школьнікаў “Падарожжа ў мінулае”. На гэтым мерапрыемстве старэйшы навуковы супрацоўнік музея Ачыновіч Л. Л. расказала пра традыцыйныя строі, якія бытавалі на тэрыторыі Беларусі. Творчыя работнікі раённага Дома культуры паказалі майстар-клас па завязванню галаўных жаночых убораў, як гэта было ў нашых вёсках. Дзеці пазнаёміліся з асаблівасцямі нашэння хустак у дарослым калядным абрадзе “Цыганы”, дзіцячых абрадах “Куры” (вёскі Віркаў, Несета, Дзмітраўка), асаблівасці паўсядзённага нашэння хустак нашай мясцовасці. Удзельніца народнага вакальнага ансамбля “Крыніца” Самец Зоя Іванаўна паказала, як завязвалі хусткі ў сенакос. На гэтым мерапрыемстве дзеці даведаліся шмат цікавага – як адрозніць дзяўчыну ад замужняй жанчыны, калі забаранялася і дазвалялася нашэнне галаўных убораў, пазнаёміліся з некаторымі абрадамі традыцыйнага календара. Самым цікавым было, канечне, завязванне наміткі. Гэта вельмі спадабалася дзяўчынкам. Яны прыбіраліся ў галаўныя уборы, фатаграфаліся.
Напрыканцы заняткаў дзеці паудзельнічалі ў майстар-класе па традыцыйных танцах “”Падыспань” і “Кракавяк”, які праводзіў народны вакальны ансамбль “Крыніца”.
Жанна Ачыновіч, загадчык адзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”