Пашырыўся спіс народных майстроў Магілёўшычы
На пасяджэнні было прынята рашэнне аб прысваенні звання “народны” і двум майстрам Магілёўскай вобласці: Арлову Аляксандру Васільевічу, керамісту з Бабруйскага раёна, і майстру-шапавалу з Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Чараповіч Таццяне Міхайлаўне. Гэтыя майстры даўно вядомы не толькі ў сваіх раёнах, а і за іх межамі.
Аляксандр Васільевіч Арлоў з’яўляецца кіраўніком аматарскага ўзорнага гуртка “Глечыкі”, дзе перадае сваім вучням тэхніку стварэння гліняных і керамічных вырабаў. Сумесна з народным майстрам Беларусі – Боўдай Ю.І. - майстар зберагае і папулярызуе традыцыйную тэхналогію гліняных вырабаў Бабруйскага раёна, якой нададзены статус гісторыка-нематэрыяльнай каштоўнасці. Па слядах Аляксандра Васільевіча пайшоў яго старэйшы сын Мікалай, які ў 2013 годзе стаў самым маладым членам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
Таццяна Міхайлаўна Чараповіч стаяла ля вытокаў адраджэння традыцыйнага народнага рамяства валяння з воўны на Дрыбіншчыне. Першае знаёмства Таццяны Міхайлаўны з валёнкамі адбылося ў дзяцінстве – бацька майстрыцы быў вядомым шапавалам. Зараз Таццяна Міхайлаўна самастойна робіць валёнкі і адмыслова ўпрыгожвае іх, ствараючы ўнікальны па прыгажосці, цёплы і камфортны абутак, а таксама вырабляе галаўныя ўборы і сувеніры. З 2005 года, з моманту стварэння аматарскага аб’яднання “Шапавал”, Таццяна Міхайлаўна з’яўляецца яго актыўным членам і ўваходзіць у мастацкі савет, а з 2012 года стала кіраўніком аб’яднання.
Віншуем Аляксандра Васільевіча і Таццяну Міхайлаўну з атрыманнем звання “народны”! Цяпер на Магілёўшчыне дваццаць майстроў носяць гэтае пачэснае званне!
Алена Васільеўна Цішкевіч, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КПР.