"Паслаў мне лёс блакітную раку"
“Паслаў мне лёс блакітную раку”
Пад такой назвай 7 лютага на Касцюкоўшчыне адсвяткавалі 100-гадовы юбілей народнага паэта Беларусі А.А. Куляшова.
Поўная зала гледачоў стала сведкам цудоўнай святочнай вечарыны, на якой аддавалася даніна памяці славутаму земляку Аркадзю Куляшову. Удзельнікі мерапрыемства, гледачы і ганаровыя госці разам прайшліся асноўнымі вехамі жыцця і творчасці знакамітага паэта, шчырымі словамі ўспомнілі А.Куляшова як чалавека і як творчую асобу. У фае раённага Цэнтра культуры працавала выстава “Аркадзь Куляшоў. Ад Бесядзі да акіяна”, прадстаўленная Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
На радзіму славутага дзеда і дзядзькі завіталі ўнук А.Куляшова Ўладзімір Бербераў і пляменнік Віталь Маслоўскі, якія падзяліліся з гледачамі ўспамінамі пра цікавыя моманты з жыцця паэта, падзякавалі за шчырую павагу і “жывую” памяць аб ім, як аб паэце і чалавеку.
Ганаровы госць святочнай вечарыны старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Уладзіміравіч Дуктаў прадставіў са сцэны багатае пісьменніцкае братэрства, ў склад якога ўваходзяць і Касцюковіцкія творцы. Вельмі прыемна было пачуць імя і пахвалу ў адрас таленавітай паэткі – зямлячкі Наталлі Азаранка, аўтара паэтычнага зборніка і шэрага паэтычных публікацый на старонках перыядычных выданняў і часопісаў.
Выступленні ганаровых гасцей чаргаваліся з паэтычна – музычнымі нумарамі. Члены народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” чыталі вершы А. Куляшова. У суправаджэнні кадраў ваеннай кінахронікі прагучаў верш “Балада аб чатырох заложніках”. Чытальніку Анастасіі Бравусавай настолькі ўдалося перадаць паэтаву думку, ідэю і боль, што большасць залы скрозь слёзы на вачах апладыравала ёй і, вядома, аўтару кранаючых душу радкоў. Куляшоўская “Зорка Венера” - “Алеся” прагучала ў выкананні народнага ансамбля “Этыкет”. Музычныя творы – песні на роднай беларускай мове гледачам падаравалі мясцовыя выканаўцы і госці з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. З прывітальным словам выступіў дацэнт кафедры агульнага англійскага і славянскага мовазнаўства гэтай вучэбнай установы Клімуць Яраслаў Іванавіч.
З нагоды святкавання 100-гадовага юбілею славутага паэта Беларусі, свае віншаванні ўсім прадстаўнікам прыгожага пісьменства адрасавала намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, начальнік аддзела па рабоце са СМІ і развіццю паліграфіі галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Рыгораўна Дзівакова.
Аркадзь Куляшоў часта прыязжаў на Магілёўшчыну па сваіх асабістых і творчых справах. Тут ён сустракаўся з мясцовымі пісьменнікамі і паэтамі. Сваімі ўражаннямі і ўспамінамі аб гэтых сустрэчах падзяліўся пісьменнік-зямляк, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Леўчанка. Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі пісьменнік-зямляк Віктар Патапенка, паэтка Ларыса Вырко, дырэктар абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна Ілона Сарокіна, загадчык кафедры журналістыкі МГУ імя А.А. Куляшова Алена Дуктава.
Сведкам таго, што паэтычныя традыцыі знакамітых землякоў доўжаць і прадстаўнікі 21 стагоддзя, стаў выступ маладога, пачынаючага, але, безумоўна таленавітага аўтара і выканаўцы Артура Міроненка.
У падрыхтоўчы перыяд да юбілею паэта сярод вучняў школ раёна быў аб’яўлены конкурс творчых работ “Слаўны сын зямлі беларускай” на лепшае сачыненне і лепшы паэтычны твор, прысвечаныя Аркадзю Куляшову. Удзельнікі конкурса паказалі добрае веданне творчасці народнага паэта, прадэманстравалі свае адносіны да паэзіі навогул. Па вынікам конкурса сачыненняў дыпломам 3-й ступені была ўзнагароджана вучаніца 10 “Б” класа САШ № 4 Ірына Ламекіна, дыплом 2-й ступені атрымала вучаніца 7 “А” класа САШ № 1 Анастасія Пячэрская. Пераможцай стала Анастасія Соціна, вучаніца 11 класа Дзяржаўнай установы адукацыі “Бялынкавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа Касцюковіцкага раёна”. У намінацыі “Паэтычны твор” дыпломам 2 ступені ўзагароджана вучаніца 11 класа раённай дзяржаўнай гімназіі Наталля Дзіроўская, а перамогу атрымаў Кірыл Усаў – вучань 9 “Б” класа САШ № 2.
Безумоўна, той, хто перагарне старонкі кніг А. Куляшова, адчуе голас чалавека, размаўляючага з нашчадкамі на роўных. Хочацца верыць, што гэты дыялог будзе доўжыцца яшчэ доўгія стагоддзі. Як Куляшоўская Бесядзь упадае ў акіян, так і яго паэтычная спадчына папоўніла сусветны мастацкі вопыт, не згубіўшы сваіх нацыянальных фарбаў і адценняў, свайго духоўнага аблічча. Гэта адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі.
Наталля Дробышава
намеснік дырэктара
Дзяржаўнай установы культуры
“Цэнтралізаваная клубная сістэма
Касцюковіцкага раёна”