ПАТРЫЯТЫЗМ, ВЕРНАСЦЬ АБАВЯЗКУ І ПРЫСЯГЕ ...
4 сакавіка беларуская міліцыя адзначыла прафесійнае свята. Ва ўсе часы ўвага грамадства да дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў была самая пільная, бо супрацоўніку міліцыі дадзены сур'ёзныя паўнамоцтвы, дадзена права дзейнічаць ад імя дзяржавы, яму даверана абарона правоў, свабод і законных інтарэсаў людзей. Адсюль і высокая мера асабістай адказнасці міліцыянераў і патрабаванні да выніковасці працы.
Служба ў міліцыі заўсёды з'яўлялася прыкладам вытрымкі, самаахвярнасці, гатоўнасці прыйсці на дапамогу. Для беларускіх міліцыянераў такія паняцці як патрыятызм, вернасць абавязку і прысяге, афіцэрскім традыцыям напоўнены асаблівым сэнсам. Розныя пакаленні супрацоўнікаў міліцыі прайшлі цяжкімі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, змагаліся з пасляваенным бандытызмам, выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, забяспечвалі законнасць і правапарадак у гарачых кропках, ліквідавалі наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Міліцыянеры і ветэраны гэтай службы заслугоўваюць самых цёплых слоў удзячнасці і падзякі. І менавіта такія словы гучалі на святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню міліцыі, са сцэны раённага Цэнтра культуры…
У актавай зале РЦК сабраліся супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, іх жонкі, родныя і блізкія. Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства вітаў старшыня Дрыбінскага раённага выканаўчага камітэта А.Р. Маслак. Ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня адзначыў тых, чыя праца дазваляе забяспечыць правапарадак і стабільнасць у раёне.
Да прысутных у зале звярнуўся і начальнік Дрыбінскага РАУС. Ён павіншаваў калег з прафесійным святам і з станоўчага боку адзначыў працу ўсіх падраздзяленняў і аддзяленняў, даў высокую ацэнку дзейнасці многіх супрацоўнікаў.
Дрыбінскім РАУС і раённай арганізацыяй грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” за прафілактыку правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі і ўклад у развіццё моладзевага праваахоўнага руху на тэрыторыі раёна аб'яўлена Падзяка членам моладзевага атрада аховы правапарадку.
Урачыстае мерапрыемства завяршылася канцэртам пад назвай “Святочнае дзяжурства”, падрыхтаваным работнікамі РЦК. Увесь канцэрт быў пабудаваны на віншаваннях, цёплых словах у адрас працаўнікоў міліцыі.
Усе прысутныя пакінулі залу ў добрым настроі, а гэта галоўнае ў справе работнікаў культуры.
Метадыст ДУК “Дрыбінская
цэнтралізаваная клубная сістэма”
Н. А. Шуткова