ПЕСНЯ МАЦІ НЕ БУДЗЕ ЗАБЫТАЯ
Што песня маці не будзе забытая на Краснапольшчыне, змаглі ўпэўніцца і члены атэстацыйнай рэспубліканскай камісіі па рабоце з непрафесійнымі (аматарскімі) калектывамі Магілёўскай вобласці.
Справа ў тым, што 2 снежня ансамбль народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” прадстаўляў творчую праграму для прагляду гэтай камісіяй на прадмет надання калектыву ганаровага наймення “народны”.
У склад камісіі ўваходзілі: Алег Фёдаравіч Хмялькоў, дырэктар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” і спецыялісты гэтай установы – Зінаіда Іванаўна Білык, галоўны рэжысёр, і Валянціна Пятроўна Завацкая, галоўны хормайстар.
Ансамбль народнай песні “Спадчына” быў створаны ў 1994 годзе па ініцыятыве Людмілы Каратцовай, якая ў 1984 годзе скончыла Мінскае культурна-асветнае вучылішча. Яна з’яўляецца загадчыцай Пачапоўскага СДК і нязменным кіраўніком ансамбля.
Калектыў працуе стабільна, творча, вылучаецца добрым выканальніцкім майстэрствам. Па словах кіраўніка ансамбля, сакрэт яго паспяховасці не толькі ў стараннай рабоце над голасам, над песняй, але яшчэ і ва ўлюблёнасці спявачак у родную “матчыну песню”.
Апошнім часам калектыў “Спадчына” актыўна і паспяхова працуе над засваеннем і захаваннем менавіта фальклорнай спадчыны, каб песні маці не забыліся і не згубіліся ў часе, каб яны жылі на вуснах сучаснікаў і дайшлі да наступных пакаленняў у нескажоным выглядзе.
Атэстацыйная праграма “Песня маці не будзе забытая” была распрацавана метадыстам па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка і ўключала розныя прыёмы сцэнізацыі і розныя жанры фальклору, сярод якіх – паданне, абрадавая дзея, аўтэнтычныя, фальклорныя песні, стылізаваны фальклор. Дарэчы, гэта сцэнарная распрацоўка ў лістападзе была адзначана дыпломам гран-пры ў міжнародным фестывалі мастацтваў “Мы вместе”.
Калектыў “Спадчына” пераймае матчыны песні “з вуснаў у вусны”, бо ў складзе калектыву ёсць унікальны носьбіт аўтэнтычных спеваў – Ніна Фядосаўна Яцутка, 1944 года нараджэння. У яе памяці захоўваецца мноства песень народнага абрадавага каляндара, мноства пазаабрадавых песень.
Праз песенную спадчыну захоўваецца багацце роднай мовы, самабытнасць краю, гістарычная і культурная спадчына нашых продкаў – мудрых і таленавітых.
Багатая фальклорная спадчына калектыву, вопыт работы па засваенню фальклору і яго захаванню актыўна папулярызуецца праз удзел калектыву ў розных метадычных і творчых формах работы, праз удзел у конкурсах і фестывалях свайго раёна і за яго межамі.
Калектыў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” выказвае шчыраю падзяку членам атэстацыйнай камісіі, якія выказалі свае ацэнкі і ўражанні ад прагляду праграмы, выказалі шмат слушных парад і пажаданняў.
Дзякуй і ансамблю народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК, кожнай яго ўдзельніцы за любоў да народнай песні і нястомнасць у яе захаванні і папулярызацыі.
Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ГУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”