«Піліпаўскія запусты» на Дужаўцы
З 28 лістапада ў праваслаўных вернікаў пачынаецца Піліпаўскі пост, які працягваецца аж 6 тыдняў да Раства Хрыстова. Раней гэта быў час, калі жанчыны з дзяўчатамі збіраліся гуртом ў адной хаце, дзе прымаліся разам да калектыўнай працы і суседскай ўзаемадапамогі. Жанчыны выкарыстоўвалі гэты час для прадзіва нітак з лёну і воўны. Трэба было спяшацца, бо лічылася: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, то да Вялікадня сатчэш». Таксама неабходзіліся і без цікавага часуправядзення. На такія «вечарыны» («супрадкі») заходзілі і хлопцы, якія прыглядаліся да стараннай працы будучых нявест. Таму і прыходзіць на «супрадкі» дзяўчатам прадшлюбнага ўзросту было вельмі важна.
На Дужаўцы Чавускага раёна перад пастом ладзіліся «Піліпаўскія запусты». Мясцовыя жанчыны выбіралі па зговару асобную хату, дзе будуць потым у пост працаваць…
Так, 26 лістапада, у Дужаўскім сельскім Доме народнай творчасці ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Вяскоўцы» правялі абрадавую праграму «Піліпаўскія запусты». Удзельнікі праграмы прыйшлі да гаспадыні ў імправізаваную хату, папрасілі дазволу зачыніць «хэйдар» (так называлася «Вечарына» ці «Супрадкі» на Дужаўцы). Прынеслі з сабою свае працоўныя прылады: абавязкова кудзелю, прасніцу ці калаўрот, верацёнцы і інш. Таксама прынеслі з сабою ежу, яшчэ тую, якой можна частавацца да Піліпаўскага пасту. Гэты час раней яшчэ меў назву «Загавіны», калі яшчэ можна добра пагуляць. Удзельнікі частаваліся, спявалі старынныя песні, прыпеўкі, танчылі пабытовыя танцы разам з падлеткамі. Весяліліся ды гулялі да самой цемры. А калі прыйшоў час развітвацца, гаспадыня запрасіла ўсіх на «хэйдар», калі пачнецца пост.
Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦКі вольнага часу ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»