ПЛЫНЬ ТВОРЧАСЦІ І ДУМКІ
Аматары творчасці Валянціны Марчанка могуць парадавацца яе новым дасягненням – паэтычны твор паэткі Краснапольшчыны атрымаў узнагароду Гран-пры Міжнароднага творчага конкурсу “Востраў талантаў”. А яе другая аўтарская работа, дзе паэтка з’яўляецца аўтарам музыкі і слоў, ацэнена ў Міжнародным конкурсе як лаўрэат II ступені.
“Конкурснымі сталі творы, якія я прысвяціла роднай краіне і малой радзіме. Гэта мой унёсак у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, у іх духоўнае сталенне. Удзел у конкурсах – гэта не толькі сродак вызначэння творчага ўзроўню, матывацыя творчасці, гэта яшчэ адзін са шляхоў папулярызацыі роднага краю, сваёй зямлі, якую я люблю і якой ганаруся”, – дзеліцца думкамі наша зямлячка.
Сапраўды, у паэтычнай скарбонцы В. Марчанка, кіраўніка народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак”, шмат вершаў патрыятычнай тэматыкі. Пра гэта гавораць і назвы яе кніг – “Вам сваю завяшчаю любоў”, “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”. Кнігі хутка разыйшліся сярод аматараў паэтычнага слова, сярод клубных работнікаў, бо творы ў гэтых кнігах – добры матэрыял для іх работы і асалода для душы. Гэта творы, поўныя любові да Радзімы, гэта роздум пра лёс краіны, пра адзінства нашага народа, пра культурную спадчыну Бацькаўшчыны, пра нашы карані.
Зараз у аматараў слова ёсць магчымасць “акунуцца ў перламутравыя росы” і “пачуць скрыпкі душы” паэткі.
“Перламутровые росы” і “Скрыпкі маёй душы” – гэта новыя кнігі В. Марчанка, якія не так даўно ўбачылі свет і ўжо заслужылі ўвагу і ўдзячнасць чытачоў. Іх можна набыць у Краснапольскім РЦК.
В. Аляксандрава, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”