ПОЛЕ ДУХОЎНАГА ЯДНАННЯ

Полем духоўнага яднання можна назваць атмасферу творчай гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, якая ладзілася народным аматарскім літаратурным калектывам “Світанак” Краснапольскага раённага Цэнтра культуры да Міжнароднага дня роднай мовы. Такія гасцёўні сталі традыцыйнымі і запатрабаванымі з’явамі культурнага жыцця на Краснапольшчыне. Яны збіраюць аматараў роднай мовы, літаратурнай і народнай творчасці розных жанраў.
“У сувязі з юбілейнай датай – 25-годдзем з дня ўстанаўлення ЮНЕСКА Міжнароднага дня роднай мовы – гэты дзень хацелася зрабіць насычаным і святочным, пазнавальным і цікавым. У гасцёўні, як заўсёды, мы імкнуліся стварыць атмасферу, якая збліжае, яднае на глебе любові да роднай мовы і народнай спадчыны, дзе раскрываецца іх прыгажосць і задавальняюцца самыя розныя густы”, – адзначае арганізатар мерапрыемства Валянціна Марчанка, кіраўнік калектыву “Світанак”.
Добра працавалі ў ролі вядучых гасцёўні Сняжана Семчанка і Святлана Сазонава.
Чым была насычана праграма гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”?


У ёй былі падведзены вынікі V расійска-беларускага конкурсу “Мы на матчынай мове жывём”, адбылося ўручэнне дыпломаў і, канешне, гучала жывое слова – лепшыя конкурсныя творы ў выкананні аўтараў, артыстаў раённага цэнтра культуры і членаў калектыву “Світанак”. Пра вынікі конкурсу можна даведацца з асобнага артыкулу. У гасцёўні ж гучала падзяка творцам Дзяцькаўскага, Навазыбкаўскага, Краснагорскага раёнаў Бранскай вобласці, Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, Краснапольскага, Клічаўскага, Круглянскага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і г. Магілёва.


Гасцёўня адбылася ў рэжымах анлайн і афлайн. Прывітальнае слова даслала да свята МБУК “Краснагорская МЦРБ” (дырэктар Г. М. Ставінава) Бранскай вобласці. У пасланні Галіна Мікалаеўна падкрэсліла значэнне і ролю мовы любога народа, выказала падзяку за ўстойлівае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва па пытаннях сяброўства нашых суседніх замежных рэгіёнаў і пажадала поспехаў у папулярызацыі родных моў і творчасці сваіх землякоў. Хочацца дадаць, што творцы і аматары роднага слова з розных куткоў Браншчыны не першы раз адгукваюцца на прапанову прыняць удзел у мерапрыемствах да міжнароднага Дня роднай мовы. Сувязі з калегамі і творцамі суседніх рэгіёнаў застаюцца трывалыя і моцныя.
Удзельнікаў гасцёўні і конкурсу вітала загадчыца сектарам культуры Краснапольскага райвыканкама С. М. Петрачэнка. Яна зрабіла акцэнт на значнасць Дня роднай мовы і тых мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца клубнай сістэмай раёна па папулярызацыі роднага слова, выказала падзяку народнаму калектыву “Світанак” і яго кіраўніку за актыўную і нястомную дзейнасць па папулярызацыі мовы і паэтычнага слова, за падтрымку аматараў слова Краснапольшчыны.

Прыгажосць роднай мовы ўвасабляецца і ў народных песнях. Ва ўсе часы простыя людзі, якія жылі ў вёсках, былі стваральнікамі і носьбітамі вусна-паэтычнай творчасці. У іх песнях – залатыя сховішчы слова. Вось прысутныя ў гасцёўні наталялі свае душы і слых яшчэ і прыгажосцю народнай спадчыны і роднага слова. Для іх была прадстаўлена тэматычная праграма “Песня маці не будзе забытая”, насычаная аўтэнтычнымі, фальклорнымі, народнымі творамі і гучаннем роднай мовы. У ёй прыняў удзел ансамбль народнай песні “Спадчына” (кіраўнік Л. Я. Каратцова) Пачапоўскага СДК.
Задаволіць інтарэс да роднага слова наведвальнікі гасцёўні маглі і праз выстаўку кніг і выдавецкай прадукцыі з вопыту творчай дзейнасці народнага літаратурнага калектыву “Світанак”.
Наведвальнікі гасцёўні атрымалі сапраўдную асалоду праз дакрананне да роднага слова, матчынай песні і матчынай мовы.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”