ПРА ЦЯБЕ, РОДНЫ КРАЮ, СПЯВАЮ
На Краснапольшчыне 3 верасня адбылася метадычна-творчая гасцёўня “Пра цябе, родны краю, спяваю”, прысвечаная Дню беларускага пісьменства.
Яе наведвальнікі апынуліся ў святле духоўнасці, інфармацыі, культуры і прыгажосці. У ходзе мерапрыемства адбылася сапраўдная вандроўка ў гісторыю пісьменства, асветы, кнігі, беларускай мовы і лепшых культурных здабыткаў.
Гэту вандроўку ўпрыгожылі выступленні творчых калектываў (народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц”, вакальнай групы народнага клуба “Дабрыня”) і салістаў РЦК (А. Трафімавай, А. Дарафеева), слайд-прэзентацыя, жывая музыка ў выкананні Т. Астапенка, паэтычныя творы ўдзельнікаў народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак” і лепшыя творы ўдзельнікаў літаратурнага конкурсу, таксама прымеркаванага да Дня пісьменства. Вынікі гэтага конкурсу і былі падведзены ў ходзе мерапрыемства.
Арганізатар мерапрыемства, метадыст 1 катэгорыі В. А. Марчанка, паклапацілася аб выкарыстані ў гасцёўні розных форм і прыёмаў, што дазваляла ўсім прысутным быць актыўнымі удзельнікамі, а зацікаўленым спецыялістам пераймаць вопыт.
Да ўдзелу былі запрошаны работнікі культурных устаноў раёна – СДК, бібліятэк, музея, спецыялісты аддзела адукацыі і культуры, наведвальнікі аддзяленняў пажылых людзей і дзённага наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі, жыхары Краснаполля.
Прываблівалі наведвальнікаў свята і падрыхтаваныя выстаўкі. Адна з іх “Родная зямля – крыніца натхнення” па творчасці народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак” РЦК, другая – выстаўка-прадмет “Кніга – сваімі рукамі”, на якой былі прадстаўлены рукатворныя кнігі, зробленыя мастаком-афарміцелем РЦК Н. У. Саўчанка. Яна шыкоўна аформіла 3 экзэмпляры краязнаўчых і літаратурных набыткаў В. А. Марчанка.
З ролямі вядучых гасцёўні цудоўна справіліся А. Качанава і Д. Кустаў.
Валянціна Аляксандрава