Працягам абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” стала творчая прэзентацыя Глускага раёна
Сёння, 22 верасня, гасцей святочнага мерапрыемства сустракалі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Пачалася культурная праграма традыцыйна з вуліцы. Свае музычныя падарункі падараваў народны ансамбль народнай песні “Вербічэнька” Клетненскага сельскага Дома культуры.
Свята развярнулася і ў фае ўстановы, дзе былі аформлены выставы. Сваю творчасць прадставілі чатыры майстры Глускага раённага Дома рамёстваў, які займаецца захаваннем, развіццём і папулярызацыяй рамёстваў у раёне. Глускі раён знакаміт такімі відамі народных рамёстваў як бондарства, ткацтва, у тым ліку ткацтва паясоў, лозапляценне, саломапляценне і аплікацыя саломкай.
Так на выставе сваю творчасць прадставілі члены Саюза майстроў народнай творчасці Мяснік Соф’я Эдуардаўна (майстар па аплікацыі саломкі і саломапляценню) і Мяснік Аляксей Сяргеевіч (майстар па лозапляценні). Дываны, кошыкі, дэкаратыўныя вазачкі – гэта і не толькі ў выкананні майстроў можна было ўбачыць на выставе. Ткацтва прадставіла член Саюза майстроў народнай творчасці Грашчанка Наталля Сяргееўна. Наталля Сяргееўна стварае ўнікальныя прадметы: ручнікі, набожнікі, абрусы і інш., вядзе гурткі па ткацтве і вышыўцы. Банданрства прадставіў народны майстар Станкевіч Уладзімір Іванавіч. У руках майстра звычайнае дрэва ўвасабляецца ў цуд, ператвараючыся ў лыжкі, бочкі, кадкі, маслабойкі, каромысла і іншыя карысныя рэчы. У сваёй справе майстар параймае і развівае народныя традыцыі.
Раённы дом рамёстваў таксама прэзентаваў часткова рэканструяваныя і адноўленыя касцюмы, якія вышыла Зінкевіч Таццяна Ігараўна. Касцюмы нейкі час насіў фальклорны ансамбль Спадчына.
Прыехаў на фестываль і Глускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які прэзентаваў выставу на ваенную тэматыку. Усе экспанаты належаць прыватнай калекцыі Тычына Раману Аляксандравічу, які доўгія гады збіраў рэчы, якія звязана з Вялікай Айчыннай вайной. Раённая бібліятэка таксама прапанавала выставу тэматычнай літаратуры, прысвечанай Году гістарычнай памяці. ДУА “Глуская дзіцячая школа мастацтваў імя В.К. Іванова” прывезла выставу дасягненняў. А Цэнтр творчасці – выставу работ у тэхніцы бацік “Кітай”.
Глускі раён акрамя народнай творчасці славіцца сельскагаспадарчасцю, таму на выставу прывезлі выставу закатак глускіх гаспадынь “Глускія прысмакі”.
Месцам прыцягнення для творчасці стала канцэртная зала, дзе гасцям была прапанавана насычаная і яскравая канцэртная праграма. За некалькі гадзін творчыя калектывы і выканаўцы перенеслі ўсіх у край шырокіх лясоў, квітнеючых лугоў, шматлікіх малых рэк, крыніц і азёр – Глускі край.
На мерапрыемстве прысутнічалі: Алег Уладзіміравіч Сцельмашок, начальнік упраўлення Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Алег Фёдаравіч Хмялькоў, дырэктар установы культуры “Магілёўскі абласны метадчыны цэнтр НТ і КАР”, прадстаўнікі структур аблвыканкама, Глускага райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў.
На канцэрце выступілі дзіцячая школа мастацтваў імя В.К. Іванова, узорны калектыў “Вясёлка”, ансамбль “Вербічэнька”, салісты цэнтра культуры і вольнага часу “Арыён”, выступілі выканаўцы сельскіх дамоў культуры і іншыя. Праграма канцэрта складалася з песень, танцавальных кампазыцый, інструментальнага выканання. А нумары былі прысвечаны ваеннай тэматыцы, роднаму краю, моладзі, працавітаму народу, знакамітым людзям раёна. Так, да знакамітых людзей адносіцца выхадзец Глусскага раёна кампазітар, народны артыст Беларусі – Валерый Кірылавіч Іваноў. Яго знакамітыя песні ведаюць і любяць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. На канцэрце была выканана яго песня “Каханая”.
Фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” прымае ўжо пяты раён і гэта толькі пачатак. Фестываль працягнецца да 2023 года. У кастрычніку 2022 года сваю творчую прэзентацыю прадставіць Кіраўскі раён.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар
УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”