ПРЫГАРНІ ТЫ ДА СЭРЦА РАДЗІМУ
Прэзентацыя кнігі краснапольскай паэткі Валянціны Марчанка “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” адбылася 17 сакавіка ў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.
Выпуск кнігі – прыемны падарунак не толькі для паэткі, але і для ўсіх аматараў паэзіі. Такіх нямала сабралася ў зале Краснапольскага раённага Цэнтра культуры – работнікі клубных, адукацыйных, музейных устаноў, персанальныя асобы, родныя і блізкія аўтара, работнікі рэдакцыі раённай газеты, члены народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак”, прадстаўнікі органаў мясцовай улады, сярод якіх – старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў А. А. Гоман, намеснік старшыні Краснапольскага раённага выканаўчага камітэту А. І. Чаюкова, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага раёна М. В. Разгонава.
У зале гучалі вершы ў выкананні аўтара, артыстаў РЦК. У адрас гераіні сустрэчы паступалі віншаванні і пажаданні далейшых поспехаў у творчасці, адзначаліся асаблівасці яе паэтычных твораў, іх патрыятычны ўплыў.
У ходзе мерапрыемства выступіў брат паэткі А. Канстанцінаў, рэдактар газеты “Чырвоны сцяг” Н. Козік, супрацоўнік рэдакцыі Д. Манько, галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі М. Разгонава, спецыяліст аддзялення для пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН Н. Баброўнік, член аб’яднання “Світанак” Г. Каваленка, намеснік дырэктара ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” Г. Снытка, намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама А. Чаюкова. Усе яны атрымалі ў падарунак кнігі з аўтографам паэткі.
Асаблівасцю новай кнігі з’яўвілася яе прысвячэнне Году народнага адзінства і Году гістарычнай памяці. Кніга “дыхае” любоўю да сваёй Радзімы, клопатам і гонарам за яе, хваляваннямі за лёс краіны і яе культурнай спадчыны.
Ці азначае гэта, што Валянціна Марчанка – паэтка адной тэмы, тэмы Радзімы, бо і першая яе кніга “Вам сваю завяшчаю любоў” змяшчае шмат твораў, якія апяваюць Радзіму. Аказваецца, не, бо інакш не былі б напісаны яшчэ два зборнікі паэзіі – пейзажнай лірыкі “Перламутровые росы” і філасофскай лірыкі “Скрыпкі маёй душы”, якія хутка выйдуць з друку. Што ж да тэмы Радзімы, то яна, безумоўна, – галоўная ў творчасці краснапольскай паэткі.
У ходзе творчай сустрэчы прысутныя змаглі адчуць усё тое, што было сфакусавана ў кнізе: любоў і патрыятызм, годнасць чалавека, а яшчэ – лірычнасць і музычнасць вершаў.
Для прэзентацыі тэматычных раздзелаў кнігі былі прыцягнуты музычныя творы, у тым ліку, і аўтара, фальклорныя спевы ў выкананні аўтара, харэаграфічныя кампазіцыі, якія гарманіравалі з чытаемымі вершамі. Ход мерапрыемства суправаджала слайд прэзентацыя, якая дапаўняла паведамленне пра кнігу і аўтара, раскрывала цікавыя звесткі з яго жыцця і творчасці.
Прысутныя змаглі даведацца і пра вынікі творчай дзейнасці паэткі, яе ўдзелу і перамогах у літаратурных конкурсах рознага фармату – ад раённых да міжнародных.
У анлайн фармаце ў мерапрыемстве змаглі прыняць удзел госці і калегі з Расіі – спецыялісты муніцыпальнай бюджэтнай ўстановы культуры “Краснагорская міжпасяленчая цэнтральная раённая бібліятэка”, з якой ужо доўгі час Валянцінай Марчанка арганізуюцца, падтрымліваюцца цесныя творчыя сувязі і ўзаемадзеянне. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што няма мяжы для творчасці, мастацтва, літаратуры, няма мяжы і паміж братнімі народамі – Расіяй і Беларуссю.
На думку аўтара, паэзія і час – непадзельныя, паэт не можа не адгуквацца на з’явы, якія адбываюцца ў грамадстве, у свеце, бо перш за ўсё кожны з нас – грамадзянін сваёй Айчыны. Слова павінны несці стваральны характар, заклікаць да гуманістычных ідэалаў, да мірнага суіснавання.
У кнізе “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” шмат вершаў у падтрымку краіны, заклік да згуртаванасці і адзінства. Пра гэта гавораць назвы вершаў: “Без тебя я боюсь потеряться”, “Не учат нас кровавые уроки”, “Я радзіме падстаўлю плячо”, “Беларусь – наша маці” і інш.
Думаецца, што кніга Валянціны Марчанка знойдзе сваіх чытачоў, стане важнай часткай духоўнай культуры Краснапольшчыны.
Чытайце, знаёмцеся з творчасцю таленавітай зямлячкі і ўсе разам, гаворачы яе словамі, падстаўце Радзіме плячо, прыгарніце да сэрца Радзіму”.
А.А. Качанава, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная ссітэма Краснапольскага раёна”