ПРЫГАРНІ ТЫ ДА СЭРЦА РАДЗІМУ

Ніхто не возьмецца аспрэчваць, што народная культура ўмацоўвае пакаленні духоўнымі сувязямі, што нашы карані – гэта наш аб’ядноўваючы пачатак.
Рэгіянальны творчы конкурс “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, які другі год ладзіцца на Краснапольшчыне да Дня народнага адзінства, яскравае таму пацвярджэнне. На ўдзел у ім адгукнуліся і вопытныя, і маладыя аматары творчасці.
Свой гонар за Радзіму, любоў да народнай творчасці, сваіх нацыянальных каштоўнасцяў яны маглі выказаць праз удзел у розных намінацыях конкурсу.
Адна з намінацый – “Пра цябе, родны краю, спяваю”. У ёй удзельнічалі аматары песеннай творчасці. Тут быў прадстаўлен як эстрадны, так і народны вакал.
Дыпламантамі I ступені ў песеннай намінацыі сталі А. Трафімава, К. Чалпанаў, Г. Снытка – салісты раённага Цэнтра культуры; В. Марчанка, В. Гомарава – спявачкі Горскага сельскага Дома культуры; Н. Яцутка, дуэт (Н. Яцутка і Н. Дударава), ансамбль народнай песні “Спадчына” з Пачапоўскага сельскага Дома культуры.
У намінацыі “Незабытыя рамёствы” удзельнікі конкурсу дэманстравалі сваё ўмельства ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і рамёствах. Матэрыялы і тэхнікі выканання дэкаратыўных вырабаў былі самыя разнастайныя – традыцыйныя і новыя. Рознымі па вопыту і ўзросту былі і ўдзельнікі. Сярод іх – юныя ўдзельнікі гурткоў клубных устаноў. Асаблівай старанасцю, а значыць, і якасцю работ вылучаюцца навучэнцы Ленінскага, Яноўскага, Пачапоўскага СДК.
Любоў да Радзімы і цікаўнасць да яе культурнай спадчыны праявіліся і ў тэматыцы работ – “Лялька Багач”, “Беларусачка”, “На жніве”, “Родныя прасторы”, “Дарога дамой”, “Куточак, у якім жыву” і інш. Дыпломамі I ступені ў намінацыі “Незабытыя рамёствы” адзначаны: А. Кандраценка, Л. Крапіўніцкая, Т. Яфімчык, Н. Паплыка – клубныя работнікі СДК; гурткі па ДПМ Пачапоўскага і Ленінскага СДК. Ад такіх работ, як плеценыя кошыкі А. Кандраценка ці кампазіцыі з вясковага жыцця, вырабленыя з талашу (кукурузных абгорткаў) Л. Крапіўніцкай, цяжка адвесці пагляд.
Падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца на метадычнай тэматычнай тусоўцы “Шануем памяць пакаленняў”, прысвечанай Дню народнага адзінства і Году гістарычнай памяці. Тут работнікі культурных устаноў магуць пазнаёміцца з конкурснымі работамі праз слайд-прэзентацыю, набыць ілюстраваную брашуру па выніках конкурсу. А яшчэ – абмяняцца думкамі і вопытам захавання традыцый, фарміравання цікаўнасці да творчасці, да культурна-гістарычнай спадчыны малой радзімы.
Крыніц набыцця духоўнай сілы нямала. Адшуквайце іх і прыпадайце да іх, насычайце душу і сэрца дабрынёй, удзячнасцю і любоўю – да продкаў, да жыцця, да людзей, што побач, да роднага кутка. Адным словам, прыгарніце да сэрца Радзіму.



Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”