ПРЫГАРНУ Я ДА СЭРЦА РАДЗІМУ
10 снежня, у Дзень правоў чалавека, адбылося творчае пасяджэнне “Прыгарну я да сэрца Радзіму”, на яком члены народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” (кіраўнік В. А. Марчанка) Краснапольскага РЦК прызнаваліся ў любові да Радзімы і дзяліліся сваімі думкамі праз уласную паэтычную творчасць. На мерапрыемства былі запрошаны работнікі раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”.
На пасяджэнні гучалі вершы членаў аб’яднання “Світанак”: В. Марчанка, Д. Кустава, Г. Каваленка, С. Сазонавай, С. Сыранкова.
Аматараў паэтычнага слова Краснапольшчыны аб’ядноўвае вера ў непахіснасць Беларусі – краіны, якая гартавалася стагоддзямі, і якая мае багацейшую культурна-гістарычную, прыродную спадчыну. Аб’ядноўвае паэтаў-аматараў і вера ў тое, што праз слова можна дасягнуць узаемаразумення, устанавіць сувязі паміж людзьмі, і таму дзеляцца яны сваімі вершамі і з вамі, дарагія чытачы.
Чытайце. І няхай вашы сэрцы поўняцца прыгажосцю, гонарам і любоўю да роднай краіны, а ў свядомасці выспявае адказнасць за яе лёс і будучыню. Прыгарніце да сэрца Радзіму!
В. А. Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”
ДА СЭРЦА СВАЙГО ПРЫГАРНІ
Валянціна Марчанка
Я не ўсе разумею малітвы…
Але прага ў душы – да святла.
…Абразы ажыўляюць адбіткі
Ад свячэй. Як вялося здаўна,
У пахісткае наша стагоддзе
Мы памолімся мірам усім
За любоў, за давер у народзе,
За спакой сваёй Белай Русі.
Мы жывём на зямлі сваіх продкаў,
Мы народжаны гэтай зямлёй.
А якіх атрымаем выгодкаў,
Калі нас размяжуюць з табой?
Калі шлях неўміручага роду
Перарвецца на ніве жыцця?
І тады застанецца народу
Шлях адзін – да глыбінь забыцця.
Свет даўно патанае ў спакусах,
Дзе без меры пакут і маны.
Ты аблашчы куток Беларусі
І да сэрца свайго прыгарні.
…Хай праменіць святло залатое
Ад свячэй, ад вачэй і ад слоў –
Непагаснае, чыста-святое
Нас у веры сілкуе ізноў.
Яны простыя, словы малітвы:
“Нас, Гасподзь, уратуй, зберажы”…
Нам дарога да Бога адкрыта,
Калі Богава ёсць у душы.
СПАДЧЫНА
Валянціна Марчанка
Не выбіраем мы Радзіму,
Не выбіраем маці,
Не выбіраем мы і мову –
Яна даецца ў спадчыну.
Як дар бясцэнны,
Ў кожнай хаце
Гучы ты, мова,
І ў палацы!
Яе шаную і люблю
Я, мову родную сваю,
Як песню,
Ласку матчыну, -
Яна даецца ў спадчыну.
БЕЛАРУСІ
Святлана Сазонава
То бусел ўзляціць – ўздрыгануся,
То недзе закліча сава,
Тады разумею, што я з Беларусі,
Што гэта Радзіма мая.
Пяшчотай мяне атуліла,
Ласкаваю маці была,
Мяне ад бяды ратавала,
І моцнае сэрца дала.
Калі маё сэрца сумуе,
І з вуснаў злятае праклён,
Мяне лёс Радзімы хвалюе,
Не вельмі мне радасны ён.
МАЯ БЕЛАРУСЬ
Дзяніс Кустаў
Мая Беларусь –
Гэта кветка свабоды.
Мая Беларусь –
Быццам подых вясны.
Красуйся ж, мая Беларусь, ты заўсёды
І з моваю роднаю годна жыві!
Мая Беларусь –
Гэта песня народа,
Спрадвечная песня
Уласных дарог.
Жыла, будзе жыць беларуская мова,
Пакуль існуе шлях да сутнасці – Бог.
Пакуль зелянеюць
Лясы і палеткі,
Цякуць нашы рэкі,
Квітнее зямля,
Датуль і не знікне мая цуда-кветка -
Мая Беларусь, мая мова я!
ЛЮБЛЮ СВОЙ КРАЙ
Галіна Каваленка
Мой родны край! Бульбяны, жытны!
Зямля бацькоў і гонар мой!
Ты мужны, слаўны, старажытны,
Схіляюсь нізка прад табой.
Люблю твае я сенажаці,
Крыніцы з ключавой вадой.
Ты мне – другая мая маці,
Люблю і сэрцам, і душой.
Люблю, як зерне паспявае,
І хлебаробы жыта жнуць,
І сэрца радасна трапеча,
Як песні родныя пяюць.
Люблю, як на заранку бусел
Клякоча радасна ў гняздзе,
І толькі тут, на Беларусі,
Жыццё і радасць ён нясе.