Пяць прадстаўніц Магілёўшыны сталі членамі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці
Магілёўскую вобласць прадстаўлялі пяць майстроў па традыцыйных відах рамёстваў, а дакладней – майстрыц:
Соф’я Меснік (аплікацыя саломкай) – Глускі раён
Ірына Куратава (карункавязанне) – Глускі раён
Вольга Наўдзюнас (вышыўка) – Асіповічы
Людміла Нялюбіна (выцінанка) – Бабруйск
Вольга Белаконь (роспіс па шкле) – Магілёў.
Гэтай падзеі папярэднічала вялікая, старанная праца. На выставе-кірмашы народных рамёстваў “Вясновы букет”, што адбылася ў 2014 годзе, майстрыцы прадэманстравалі свае работы, і Я.М.Сахута, прагледзеўшы іх, параіў рыхтаваць дакументы на ўступленне у Беларускі Саюз майстроў. Канешне, каб прадставіць свае работы камісіі, нашы майстры прыклалі сур’ёзныя намаганні. На працягу года яны прымалі ўдзел у шматлікіх выставах і фестывалях, пагляблялі свай прафесійны досвед на семінарах-практыкумах, якія праходзілі на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, а ў снежні 2014 года свае работы прадставілі на рэспубліканскую выставу “Калядныя ўзоры”.
Вышытыя жаночыя сарочкі Вольгі Наўдзюнас, дываны з аплікацыяй саломкай Соф’і Меснік, карункавыя сурвэткі і накідкі Ірыны Куратавай, роспіс па шкле Вольгі Белаконь і выцінанка Людмілы Нялюбінай атрымалі высокую адзнаку і станоўчыя водгукі камісіі, і аднагалосна нашы майстры папоўнілі спіс Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
Шчыра віншуем!
Алена Цішкевіч, вядучы метадыст УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”