Пятніца з беларускім акцэнтам

У Беларусі стартаваў маштабны праект «Кожная пятніца – роднае, сваё». Праект становіцца душэўным і прыгожым святам, якое аб’ядноўвае людзей вакол роднай мовы, нацыянальных каштоўнасцей і якасці айчыннай прадукцыі. Папулярызацыя беларускай культуры неабходна для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, трансляцыі ўнікальных традыцый і ўмацавання пераемнасці пакаленняў. Гэта фарміруе патрыятызм і павышае міжнародны імідж краіны, дэманструючы яе самабытнасць, гістарычныя карані і ўклад у сусветную спадчыну.

Адмысловая ўвага надаецца папулярызацыі беларускіх традыцый, ахоплівае народныя промыслы, нацыянальную кухню, самабытную музыку і літаратуру, што дазваляе паказаць унікальнасць беларусаў. У рамках праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» філіялы ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілеўскага раёна» ператвараюцца ў сапраўдныя асяродкі нацыянальнага каларыту. Гэтая ініцыятыва стала выдатнай нагодай яшчэ раз звярнуцца да сваіх каранёў, адчуць гонар за беларускае і падзяліцца гэтым пачуццём з кожным наведвальнікам. Калі каманда падлеткаў наперабой узгадвае назвы беларускіх страў, а старэйшае пакаленне з азартам тлумачыць значэнне арнаменту на ручніку, становіцца зразумела: роднае – гэта тое, што жыве ў нашых сэрцах.

Кожная пятніца цяпер мае асаблівы рытм і настрой. Праграма мерапрыемстваў складзена так, каб кожны – ад малога да вялікага – знайшоў нешта сваё. Што чакае гасцей у нашых клубных установах? Мы паказваем, што беларускае – гэта сучасна і актуальна. Выбіраючы сваё, мы падтрымліваем не толькі вытворцу, але і сваю душу, сваю спадчыну.

Мы запрашаем кожнага жыхара і госця нашага раёна прыходзіць у клубныя установы па пятніцах у адзенні з элементамі нацыянальнага арнаменту, размаўляць па-беларуску і дзяліцца сваімі фота ў сацыяльных сетках. Далучайцеся!


Гвоздь Таццяна, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна»