РАДЗІМА ПАЧЫНАЕЦЦА З ПАМЯЦІ
Году гістарычнай памяці былі прысвечаны IV рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні “Мой край: вядомы, невядомы”, якія адбыліся на Краснапольшчыне 20 кастрычніка.
На мерапрыемстве прысутнічала начальнік галоўнага упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дрыга Ірына Уладзіміраўна.
Ініцыятар і арганізатар чытанняў на Краснапольшчыне Марчанка Валянціна Аляксандраўна выказала шчырую падзяку аматарам-краязнаўцам за неабыякавасць да культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю і падкрэсліла значнасць краязнаўчай дзейнасці ў адкрыцці незнаёмых старонак гісторыі і культуры, у выхаванні пачуцця прыналежнасці да гэтай спадчыны і сваёй малой радзімы. А яшчэ прывяла прыклады папулярызацыі культурна-гістарычнай спадчыны Краснапольшчыны праз выкарыстанне краязнаўчых матэрыялаў у розных конкурсах, фестывалях, праектах як у раёне, так і на міжнародным узроўні.
IV краязнаўчыя чытанні раскрывалі набыткі краязнаўчай дзейнасці ў намінацыях “Гістарычнае краязнаўства”, “Археалогія”, “Народная спадчына”.
Формы работ і іх прэзентацыі былі самыя разнастайныя: даследванні, відэаработы, прэзентацыі краязнаўчай літаратуры і гістарычных фактаў, выступленні з вопыту засваення народнай спадчыны, публіцыстычныя нарысы і інш.
Аўдыторыя краязнаўцаў, якія прадставілі свае работы таксама была розная. Настаўніца Краснапольскай САШ Гелетэй Т. У. і дырэктар ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей” Пшанічнікава Л. М. асвятлілі падзеі аб’яднання Усходняй і Заходняй частак Беларусі і ўдзел у іх землякоў-краснапальчан.
Відэафільм П. У. Выганнага, культарганізатара Краснапольскага РЦК, быў прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны і створаны на аснове захаваных у музеі дакументаў той пары – пісьмаў з фронта.
Даследванне пра ўздзел свайго прадзеда ў той жа вайне правёў і прадставіў вучань УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” Аляксей Сяўругін, які выканаў работу пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Кірычэнка Ж. Ф. і з дапамогай членаў свайго роду.
Кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Марчанка В. А. зрабіла прэзентацыю краязнаўчай літаратуры, праз якую можна адшукаць інфармацыю пра ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне сваіх землякоў. “Калі мы чытаем пра іх, калі расказваем пра іх і калі помнім, мы вяртаем іх у “бессмяротны полк”, – падкрэсліла яна.
Гісторыю засваення і выкарыстання ў рабоце талашу – расліннага матэрыялу ў народнай рамеснай творчасці прадставіла і прапанавала выставу сваіх вырабаў кіраўнік клубнага фарміравання Яноўскага СДК Крапіўніцкая Л. В.
Водбліск духоўнай спадчыны вёсак паўднёвай часткі Краснапольшчыны знайшоў у даследчай рабоце метадыста па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК Марчанка В. А.
Культарганізатар Ленінскага СДК Кандраценка А. У. падрыхтавала краязнаўчую вандроўку па курганах у зоне вёскі Леніна і яе наваколлі.
“Радзіма – гэта ўсё: і перш за ўсё, мова, прырода, старажытная гісторыя сваёй краіны, яе святы, народныя песні і паданні, памяць пра продкаў і павага да бацькоў”, – адзначаў В. Астаф’еў.
З гэтым нельга не пагадзіцца. Радзіма пачынаецца з памяці. Крыніц звяртання да яе існуе шмат. Выкарыстоўвайце іх, пазнавайце сваю радзіму і любіце яе ўсім сэрцам.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”