Раённае свята працаўнікоў сяла “Дажынкі - 2015” прайшло ў Асіповіцкім раёне
Прылягаючая тэрыторыя вакол мясцовага Дома культуры пераўтварылася ў сапраўднае святочнае відовішча, тут размясціліся і распачалі свае дзеянні – святочны гандаль; гульнёвая пляцоўка з атракцыёнамі; пляцоўка “Уладар сяла” і іншыя.
“Горад майстроў” быў прадстаўлены тэматычнай экспазіцыяй з творчымі прэзентацыямі работы майстроў па вышыўцы, ткацтву, лозапляценню, кераміцы, у ім прынялі ўдзел майстры і ўмельцы Асіповіцкага раёна. Таксама разгарнуліся міні-святы – “Свята хлеба” і “Свята малака”, якія выставілі тэматычныя экспазіцыі з выставамі-продажамі, а таксама дэгустацыяй вырабаў адпаведных прадпрыемстваў Асіповіцкага раёна.
“Свята ўраджаю” было прадстаўлена падворкамі з тэматычнымі экспазіцыямі: «Свята «Яблычны рай», «Свята гарбуза», «Свята цыбулі і часнаку», «Свята бульбы», «Свята капусты, морквы і бурака», дзе можна было разам з удзельнікамі міні-свята не толькі паспяваць, пагуляць у гульні, патанчыць, але і пакаштаваць прыгатаваныя стравы з бульбы, гарбуза, цыбулі, часнаку, яблыкаў і атрымаць іх рэцэпты.
Цэнтральным месцам свята стала сцэнічная пляцоўка, на якой і ладзіліся асноўныя мерапрыемствы. Пачалося святкаванне тэатралізаванай харэаграфічнай замалёўкай “Дажыначная” з жытнёвымі снапамі, напрыканцы якой снапы былі ўручаны кожнаму кіраўніку гаспадаркі. Галоўны дажыначны сноп свята вынясла Маці-Зямля, ўручыўшы яго старшыні Асіповіцкага райвыканкама.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненні лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплекса ў намінацыі «Производство зерновых и зернобобовых культур» прадоўжылася ўшанаваннем лепшым працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Замест традыцыйных вядучых галоўнымі дзеючымі асобамі падчас святоных мерапрыемстваў былі Гаспадар і Гаспадыня. Працягам урачыстых мерапрыемстваў сталі святочныя канцэрты – выступленне народных і ўзорных калектываў Асіповіцкага раёна, эстрадныя выступленні дзіцячых і моладзевых творчых калектываў.
На працягу ўсяго свята сярод гледачоў панаваў прыўзняты настрой, спрыяла таму і добрае сонечнае надвор’е, якое выдалася ў гэты дзень. Завяршэннем усіх святочных мерапрыемстваў стала танцавальна-забаўляльная праграмма “Святкуем Дажынкі” ў Ясеньскім сельскім Доме культуры.
Мясцовыя жыхары аграгарадка былі вельмі задаволены тым, што менавіта ў іх мястэчку адбылося гэта яскравае раённае свята.
Русак А.З., метадыст сектара традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”.