ІІ раённае свята “Пятроўскія радасці” адбылося ў Чавусах
12 ліпеня ў аграгарадку Каменка Чавускага раёна на пляцоўцы каля Пятроўскай крыніцы адбылося ІІ раённае свята “Пятроўскія радасці”. Каменская крыніца звязаная з цікавай легендай: даўным-даўно ў гэтае месца прыйшла анамальная спякота, якая засушыла ўвесь ураджай, а пасля гэтай бяды рушыла ўслед новая – выпаў град памерам з курынае яйка. У тыя далёкія часы без ўраджаю людзям даводзілася вельмі няпроста, бо зімой не было пражытка. Старажылы ў Дзень Пятра і Паўла вырашылі кожны год асвячаць крыніцу. З тых часоў больш у Каменцы ні спякоты, ні граду не было. Крыніца – святое месца для сельскіх жыхароў, куды людзі прыходзяць за выключна чыстай, празрыстай з выдатным густам вадой, якая змяшчае шмат карысных рэчываў.
Яшчэ здаўна месца, дзе размешчана каменская крыніца, асвячалася, тут збіраліся мясцовыя жыхары, якія спявалі песні, частавалі людзей, але гэта было сціпла, паміж сабой. Таму работнікі культуры прынялі рашэнне пашырыць гэтае свята.
У гэтым годзе апасля традыцыйнага хроснага ходу і асвячэння крыніцы ў рамках другога раённага свята “Пятроўскія радасці” былі арганізаваны: конкурс традыцыйных рацэптаў ухі з мясцовых відаў рыбы “Пятроўская юшка”, конкурс на лепшы Петроўскі вянок, а таксама, ў мэтах папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, конкурс “Пятроўскія дранікі”. У конкурсах прымалі ўдзел калектывы арганізацый і прадпрыемств Чавускага раёна. Удзельнікі прадставілі на суд журы 14 вянкоў. Усе яны адрозніваліся арыгінальнасцю, напаўненнем і кожны з іх меў сваю гісторыю. Калектыў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу атрымаў дыпломы ІІІ ступені за лепшую Пятроўскую юшку і Пятроўскі вянок. Для самых маленькіх быў арганізаваны Пятроўскі квэст.
Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна”
Фотаматэрыялы карэспандэнтаў раённай газеты “Іскра”