Раённае свята «Шчадроўкі-2018» прайшло ў Асіповіцкім раёне
Куцця на стале, сена пад абрусам, калядная зорка – гэтыя атрыбуты-сімвалы калядных свят вядомы здавён, але і зараз іх можна ўбачыць у нашых хатах і на вуліцах. «Калядаванне» – адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася, што толькі весялосць, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх.
13 студзеня Ліпеньскі сельскі Дом культуры гасцінна адчыніў свае дзверы для раённага свята «Шчадроўкі-2018». Усе, хто завітаў у гэты дзень ў мясцовы Дом культуры мог назіраць некалькі аформленых зон: з аднаго боку – кніжная выстава «Народным традициям жить и крепнуть», дапоўненая рушнікамі, саматканымі посцілкамі, калаўротам, з другога боку – сялянскі падворак са свойскай жывёлай - каза, куры, певень, сабака. Сцэна мела выгляд сапраўднай хаты, дзе ішлі апошнія прыгатаванні перад Каляднай вячэрай. Бабуля завіхалася каля стала і цярпліва адказвала на кожнае пытанне ўнукаў: - Чаму сёння такі багаты стол? - Калі святкавалі Каляды? - Як варажылі на Каляды? Дзеці марылі аб тым, каб паглядзець на тыя Калядкі. І, як па замове, ў госці з абрадам і песнямі, завітаў гурт калядоўшчыкаў народнага ансамбля народнай песні «Вязанка» Вяззеўскага сельскага Дома культуры. Кожны з прысутных меў магчымасць прыняць удзел ў гульнях, якія ладзілі калядоўшчыкі, патанчыць, павадзіць карагоды.
З вялікай ахвотай да старадаўніх традыцый продкаў далучыліся і дзеці, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Вяззеўскага сельскага Дома культуры, якія завіталі ў госці таксама з песнямі і каляднымі персанажамі - Казой і Мядзведзем.
З песнямі і пажаданнямі дабрабыту завітаў на раённае свята «Шчадроўкі-2018» і народны эстрадны ансамбль «Парадиз» Ліпеньскага сельскага Дома культуры, у выкананні якога прагучала песня «Калядныя бліны ладныя», а таксама сучасныя зімовыя песні. У знак падзякі гаспадыня частавала калядоўшчыкаў рознымі прысмакамі.
Святы рана ці позна заканчваюцца, ўсіх чакаюць будзённыя дні, але ж кола дзён бясконцае і наступныя Каляды мы зноў будзем чакаць з салодкім спадзяваннем цуду…
Марына Маргунова, загадчык сектара традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці ГУК «ЦКС Асіповіцкага раёна»