Раённыя «Зажынкі» ў Чавускім раёне

Сам Бог жыта зажаў – і нам паказаў.
Вялікія снапы вязаў – і нам наказаў.
Чыстыя копы стаўляў – і нам наказаў.
Што горачка, то і копачка.
Што лужок, то і стажок.
У Чавускім раёне на тэрыторыі ААТ «Аграсэрвіс» адбыліся раённыя «Зажынкі».
«Зажынкі» – гэта не проста пачатак жніва, а важны рытуал, які мае глыбокі сэнс для сялян, гэта сапраўднае народнае свята, якое адзначаюць у кожнай гаспадарке нашага раёна.
Спрадвеку на зажынкі адпраўляліся раніцай да ўзыходу сонца. А першую зжатую жменю каласоў жняя клала не ў сноп, а асобна разам з хлебам і сырам.
Трывожачыся за будучы ўраджай, сяляне казалі: «Не схаваеш сваечасова свайго сярпа – не нажнеш у полі і снапа». Перад жнівом серп абавязкова «замаўлялі». Крапілі крынічнай вадой, вастрылі, да бляску зачышчалі. Потым пачыналі жаць першы сноп, ён лічыўся імянным. Звычайна яго зажынала старэйшая ў сям’і жанчына – жняя. Перад тым, як зажаць сярпом першыя каласы, жняя нізка кланілася ніўке.
Вось і раённы першы сноп зажала Надзея Пятроўна Сініцына, ўдзельніца народнага ансамбля народнай песні «Вяскоўцы» Дужаўскага сельскага Дома народнай творчасці, пад мясцовую абрадавую песню «Закурыўся ціхі дробен дождждык». Са словамі «Стаўлю сноп на сто коп, на тысячу мерак» прынесла яго ў цэнтр пляцоўкі, дзе сабраліся адсвяткаваць «зажынкі» кіраўніцтва раёна працаўнікі сельскай гаспадаркі. Затым адламіла ад хлеба скарынку і паклала яго на ржышча пад сноп, тым часам закрыла сноп рушніком.
Апасля жняя перадала першы сноп з новага ўраджаю гаспадару адкрытага акцыянернага таварыства «Аграсэрвіс». Старшыня прыняў сноп і тры разы падкінуў яго ў гору. Затым такія ж рытуальныя дзействы выканаў і старшыня раённага выканаўчага камітэта са словамі «на добры ўраджай». Жняя пачаставала камбайнёраў мяккай скарыначкай, каб яны набраліся моцы, і смачным беларускім квасам, каб шчасліва новы хлеб здабылі.
На Беларусі здаўна існуе добры звычай – перад вялікай і значнай падзеяй прасіць благаслаўлення Божага. Асвяшчэнне тэхнікі і нівы правёў настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Чудатворца в. Благавічы айцец Міхаіл.
Кіраўнікі сельскіх гаспадарак і кіраўніцтва раёна атрымалі духмяныя караваі. Працаўнікам палёў пажадалі сонечных світанкаў і добрага шляху. Першую паласу зажаў сам старшыня Чавускага раённага выканаўчага камітэта.






Далецкая Алеся, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»