Рэгіянальнае свята народнай творчасці «Веснавыя колеры» прайшло ў Асіповіцкім раёне
Як заўсёды на пачатку мая на Асіповіччыне прайшло традыцыйна рэгіянальнае свята народнай творчасці «Веснавыя колеры». Яно па-сапраўднаму стала візітнай карткай Асіповіцкага раёна. «Не старэе, не сыходзіць у мінулае беларуская песня і танец. Як раўчукі сілкуюць рэкі, так і народная творчасць жывой крыніцай сілкуе наш беларускі характар» – гэтыя словы можна з поўнай упэўненасцю аднесці да свята народнай творчасці «Веснавыя колеры».
У рамках свята праводзіліся: рэгіянальны конкурс народнай творчасці «Прыгажосць народнай творчасці»; гала-канцэрт з удзелам лепшых калектываў і выканаўцаў мастацкай самадзейнасці; выстава-продаж народных мастацкіх рамёстваў «Горад майстроў», майстар-класы.
На працягу ўсяго свята сваімі вырабамі і цікава-змястоўнымі майстар-класамі радавалі гледачоў майстры народных мастацкіх рамёстваў.
Адметным стала ў свяце правядзенне рэгіянальнага конкурсу «Прыгажосць народнай творчасці», які ўключаў у сябе розныя намінацыі ў наступных жанрах: вакальна-харавы, інструментальны, харэаграфічны, тэатральны.
Як у свяце, так і ў конкурсе прынялі ўдзел дарослыя і дзіцячыя аматарскія калектывы мастацкай самадзейнасці, індывідуальныя выканаўцы, майстры народных промыслаў і рамёстваў.
Конкурсная праграма з кожным нумарам набірала сваю паўнаводнасць. На сцэну выходзілі новыя і новыя выканаўцы і калектывы.
Эстафету творчых выступленняў народнага аддзялення прынялі ўдзельнікі эстраднага аддзялення рэгіянальнага конкурсу.
Ніхто з удзельнікаў конкурсу не застаўся незаўважаным. Кожны праявіў свае здольнасці і па праву заслугоўваў узнагарод.
Ацэньвала здольнасці канкурсантаў кампетэнтнае журы па десяцібальнай сістэме. У склад журы ўвайшлі і запрошаныя госці Парфёнава Вераніка Аляксандраўна – дырыжор, мастацкі кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра «Sounds flite» Дома культуры трактарнага завода г.Мінск; Чыгілейчык Валерыя Міхайлаўна – рэжысёр-пастаноўшчык Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра г.Мінск.
Па кожнай намінацыі вызначаліся пераможцы, якім прысуджаліся Гран-пры з уручэннем памятных прызоў, Дыпломы I, II і III ступені. Удзельнікі конкурсу, не заняўшыя прызавых месц, атрымалі Дыпломы ўдзельніка конкурсу.
Па-сапраўднаму хвалюючым стаў момант цырымоніі ўзнагароджвання ўдзельнікаў конкурсу «Прыгажосць народнай творчасці». Для ўзнагароджвання канкурсантаў на сцэну па чарзе запрашаліся члены журы, якія разам з ўручэннем узнагарод кожнаму з удзельнікаў находзілі добрыя словы падзякі і пажаданняў. Узнагароды самай вышэйшай ступені конкурсу Гран-пры канкурсантам-пераможцам уручыў першы намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама – Налівайка Павел Уладзіміравіч. Узнагароджванне ўдзельнікаў ў кожнай намінацыі завяршалася фотаздымкам на памяць.
Завяршэннем усяго свята і конкурсу стаў песенны падарунак ад члена журы – Святланы Кавальчук.
Свята народнай творчасці «Веснавыя колеры» штогод крочыць вясной па Асіповіцкай зямлі, ствараючы асаблівую атмасферу добрага настрою, дорачы прыгажосць народных талентаў. Гэта выдатная падстава, для таго каб сустрэцца з любімымі артыстамі, абмяняцца ўсмешкамі і падзяліцца з сябрамі выдатным настроем. Не сталі выключэннем і сёлетнія «Веснавыя колеры». З водгукаў гледачоў неабходна адзначыць, што кожны атрымаў добрыя ўражанні і прыемныя хвіліны весялосці, пабываўшы на свяце. А яшчэ вялікае дзякуй удзельнікам свята, што падарылі рознакаляровы свет творчасці.
Сектар традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці раённага аддзела народной творчасці і культурна-асветніцкай работы дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна»