Рэканструкцыя абрада “Каляда на дуба” ў Клічаўскім раёне
У Клічаўскім раёне вывучаецца комплекс калядных свят, якія існавалі ў вёсках, і старажылы дасюль памятаюць, як яны праводзіліся. Ужо вывучаны і даследаваны віркаўскія калядныя абрады: “Цыганы” і дзіцячы калядны абрад “Куры”, які мае статус нематэряльнай культурнай спадчыны. Але ж Каляды не толькі святкавалі, іх яшчэ і праважалі.
У нашых вёсках была традыцыя развітвацца з Калядой 21 студзеня. Казалі так “пацягнем Каляду на дуба”. Рыхтаваліся з раніцы. Выбіралі або “выкуплялі” хату ў гаспадароў, гатавалі ежу. Збіраліся бліжэй да поўдня. У асноўным гэта былі жанчыны замужнія. Яны варылі куццю, рыхтавалі барану або драўлянае кола, бралі Каляду – сноп, які ўвесь калядны час стаяў на куце, прыбіралі яго і “цягнулі” на дуб. Каб зацягнуць Каляду на дуб, патрэбна была жанчына, якая мела добрую сям’ю. Яе садзілі на санкі, з куццёй і графінам гарэлкі, і маладыя хлопцы везлі бабку да дуба, які стаяў недалёка за вёскай. У кожнай вёсцы нашага раёна развітваліся з Калядой па-рознаму. Дзе ўсцягвалі на дрэва калоду, дзе санкі, драўлянае кола, барану, вешалі ляльку са стужак з намаляваным тварыкам. Сэнс гэтай традыцыі быў адзін – ураджай на полі і ў агародзе, дабрабыт у сям’і. Хлопцы маладыя, якія цягнулі санкі павінны былі ў гэтым годзе сустрэць сабе працавiтую дзяўчыну. Усе ўдзельнікі таксама маглі разлічваць на тое, што гэты год прынясе для іх нешта добрае. На провады Каляд было прынята прасіць прабачэння ва ўсіх, каго хто пакрыўдзіў, мераліся гарэлкай, у каго мацнейшая. Старэйшыя людзі частаваліся ў хаце за сталом, а моладзь гуляла на вуліцы. Хлопцы каталі дзяўчат на санках і кулялі іх у снег. Усе гэтыя дзеянні саправаждаліся жартамі, смехам, песнямі.
Творчыя работнікі раённага Дома культуры і аматарскае аб’яднанне “Калагод” 21 студзеня зрабілі рэканструкцыю абрада “Каляда на дуба” ў маланаселенай вёсцы Рубеж. Пастараліся каб абрад быў як можна больш падобны на сапраўдны. У хаце сабіралі на стол, прыбіралі Каляду, спявалі калядныя песні, танцавалі пад гармонік. Шумным натоўпам з песнямі, жартамі і смехам усе разам праважалі Каляду.
Ж.Е.Ачинович, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”